У адным з дамоў у Лідзе, у самым цэнтры горада, у склепе размножыліся кузуркі. Яны раяцца і залятаюць у кватэры. Жыхары нічога не маглі зрабіць, а ЖЭС і санэпідэмстанцыя не рэагавалі - пакуль не з’явілася відэа ў TikTok.

На відэа, якое апублікавала жыхарка Ліды, бачна, што насякомыя сабраліся ў чорную масу. Яны занялі ўсю прастору перад падвальным акном і выглядаюць як сапраўдны рой. Жанчына кажа, што гэта каналізацыйныя мухі.

@malvinavika

♬ оригинальный звук — Viktoria 🇧🇾🩷🩷🩷

Жыхары дома па пр. Перамогі, 41, дзе з’явілася калонія, ужо не раз звярталіся да камунальнікаў. Па словах аўтаркі відэа, тыя не рэагавалі ўжо некалькі гадоў і не заходзілі ў падвал нават летам, калі адключалі ці ўключалі гарачую ваду. Насякомыя залятаюць у дом і праз вентыляцыйныя шахты — у кватэры. Самі жыхары доступу ў падвал не маюць.

У каментарах пад відэа жанчыне раілі звяртацца ў службу 115 і обращения.бел, пісаць аб мошках у пракуратуру і ў камісію пры прэзідэнце. Скаргі суседзяў у 115, па словах аўтаркі відэа, выніку не далі. Іншая жыхарка таго ж дома ў каментарыях адзначыла і «невыносны пах каналізацыі» ў склепе.

Што пасялілася ў сутарэннях?

Так званыя каналізацыйныя мухі - матылькі, якія знешне нагадваюць моль. Яны жывуць у вільготных месцах з гнілой арганікай: каналізацыйныя трубы, падвалы, санвузлы. Размнажаюцца ў арганічных матэрыялах. Лічынкі харчуюцца імі, развіваюцца там з яек і ператвараюцца ў дарослых мух праз некалькі дзён. Прычынай з’яўлення могуць стаць засоры ў трубах, цвіль і пастаянная вільготнасць.

Адзін-два матылькі бяспечныя, але ў большай колькасці могуць пераносіць бактэрыі і вірусы, правакаваць кішачныя інфекцыі і алергіі. З матылькамі складана змагацца праз іх пладавітасць.

Мянялі трубы ў 10 вечара

Відэа было апублікавана два дні таму. Ужо праз дзень аўтарка напісала, што камунальнікі нарэшце адрэагавалі і прывезлі трубы для замены, каб ліквідаваць працёк і вільготнасць. Трубы пераварвалі ў 10 вечара, патруцілі і насякомых.

Чытайце таксама: «Гроднагаз» і «Гродна Азот». У Гродне створаць адзіную дзяжурна-дыспетчарскую службу: як яна будзе працаваць і чым дапаможа людзям