На Альшанцы жыхары бачаць усё больш лісаў. Адна з іх напала на ката і разарвала яго. Нагадваем, чым небяспечныя лісы і што рабіць, каб не заразіцца шаленствам.

Відэа з нападам падзяліліся чытачы NewGrodno.

Ліс сустракаюць у раёне вуліц Агінскага і Айчыннай. А яшчэ — у іншых раёнах.

Лісы часта пераносяць вірус шаленства. Хворыя жывёлы перастаюць пазбягаць людзей. У 2020 годзе ў Гродне зафіксавалі выпадак шаленства і ў цэнтры горада злавілі лісу. Аналіз паказаў, што яна хворая. У цэнтры горада аб’яўлялі каранцін.

Як пазбегнуць шаленства і што рабіць пры ўкусе жывёлы

Як не заразіцца, расказвае Гродзенскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:

  • не чапайце бяздомных і дзікіх жывёл, асабліва калі яны агрэсіўныя, ці калі дзікія жывёлы не пазбягаюць вас, а наадварот, ідуць бліжэй;
  • не прыносьце дадому дзікіх жывёл — калі яны не баяцца людзей, магчыма, яны хворыя;
  • не купляйце жывёл без дакументаў;
  • рабіце прышчэпкі хатнім гадаванцам;
  • калі ў жывёлы з’явіліся дзіўныя сімптомы ці яна загінула без прычыны, тэрмінова звяртайцеся да ветэрынара.

Небяспечна таксама і калі сліна хворай жывёлы трапляе на слізістыя абалонкі вачэй, рота, носа і нават на скуру, дзе могуць быць нябачныя простаму воку пашкоджанні.

Што рабіць пры ўкусе?

  • Прамыць рану вадой з мылам.
  • Апрацаваць краі 5% растворам ёду.
  • Накласці стэрыльную павязку.
  • Неадкладна (на працягу сутак) звярнуцца да ўрача — ён ацэніць рызыку і пры неабходнасці прызначыць прышчэпкі.

Прышчэпкі ад шаленства — пакуль адзіны сродак. Курс складаецца з шасці ін'екцый па пэўнай схеме.