Гродзенцы Ірына і Сяргей дзесяць гадоў будавалі аграсядзібу «Дом на вадзе» ў Путрышках. Пабудову ўзвялі ля вады. Калі першыя госці сталі прыязджаць у сядзібу, а бізнес пачаў прыносіць даход — дом згарэў. Гэта стала моцным ударам для Сяргея і Ірыны. Аб тым, ці атрымалася аднавіць бізнэс, яны распавялі «Гродзенскай праўдзе».

Двухпавярховы дом і лазню будавалі самі

Сяргей і Ірына прызнаюцца, што ідэя з будаўніцтвам аграсядзібы ўзнікла выпадкова — запускаць сямейны бізнес гродзенцы не планавалі.

Сям’я набыла ўчастак побач з балоцістай мясцовасцю і вадаёмамі. Так гродзенцам прыйшла думка пабудаваць тут гасцявы дом.

— Заклалі падмурак, але канкрэтнага ўяўлення аб тым, як павінна выглядаць сядзіба, не было. Мы проста загарэліся ідэяй стварыць ідэальнае месца для адпачынку, — успамінае Ірына.

На будаўніцтва сядзібы гродзенцам спатрэбілася 10 гадоў. Сяргей самастойна ўзвёў двухпавярховы дом і лазню. Гродзенец сам вырабляў лавачкі, альтанкі і дзіцячы куток — усё гэта зроблена з дрэва.

Гродзенцы пабудавалі «Дом на вадзе» - каля сядзібы плаваюць карпы і растуць гарлачыкі
«Дом на Вадзе», які пабудавалі Ірына і Сяргей. Фота: Instagram аграсядзібы

— У той час жаданне тварыць у Сяргея было такім моцным, што ён нават забываў паабедаць. Пойдзе на будоўлю раніцай і вернецца дадому бліжэй да ночы. Ён хацеў хутчэй рэалізаваць задуманае ў жыццё, — расказвае гродзенка.

Калі дом згарэў, былыя госці падтрымалі сям’ю

Калі аграсядзіба пачала працу, гродзенцы перажывалі — ці спадабаецца гасцям. Водгукі наведвальнікаў былі станоўчымі.

— Страх і хваляванне рассеяліся ў паветры, як толькі першыя госці зайшлі на ўчастак. Яны застылі ля сажалкі з рыбкамі і фантанам, любаваліся і дзівіліся, як тут прыгожа і самабытна, — успамінае Ірына.

Аднак у 2022 годзе дом згарэў. Гродзенцы прызнаюцца, што ў той момант былі гатовы апусціць рукі. Але калі з’яўлялася жаданне ўсё кінуць, сям’я працягвала аднаўляць сядзібу. Муж і жонка адзначаюць, што вялікую падтрымку ім аказалі былыя пастаяльцы.

— Гэты выпадак даў нам магчымасць перагледзець свае адносіны да людзей. Цяпер нам важная не колькасць адпачывальнікаў, а тое, хто менавіта да нас прыязджае. Важна, каб людзі былі прыстойнымі і добразычлівымі, — адзначае Ірына.

У дом засяляюць людзей, старэйшых за 25 гадоў, а кантракт падпісваюць загадзя

Цяпер засяліцца ў «Дом на вадзе» могуць стаць толькі людзі, старэйшыя за 25 гадоў. Жадаючыя зняць аграсядзібу на суткі прыязджаюць падпісваць дамову загадзя.

— Мы ганарымся тым, што да нас прыязджаюць сапраўды годныя госці, якія ведаюць кошт чужой працы і ўмеюць культурна адпачываць. У асноўным аграсядзібу наведваюць людзі, старэйшыя за 30 гадоў, якія могуць дазволіць сабе такі адпачынак на прыродзе. Прыемна, што яны з павагай ставяцца да інфраструктуры, створанай на ўчастку, — кажа Ірына.

На ўчастку акрамя хаты і лазні ўсталявалі кедравую фітабочку (тып лазні - Hrodna.life). А каб разнастаіць сажалку, там з’явіліся гарлачыкі і чырвоныя карпы.

— Адна жанчына з дзецьмі каля сямі разоў была ў нас. Надта моцна ёй падабаецца наша сажалка. Сядуць летнім вечарам з сынамі на пірсе і рыбкамі любуюцца, адпачываюць душой і целам, — распавядае Ірына.

Чытайце таксама: «Можна бункер на выпадак апакаліпсісу ўладкаваць». Якім будзе новы «касмічны» гатэль у Пышках