Прадпрыемства “Гродна Азот” 12 лютага ў Telegram-канале анансавала конкурс да Дня роднай мовы. Да самога свята ў ім пад тэгам #РОДНАЯМОВА можна знайсці трох удзельнікаў: двух пенсіянераў і аднаго ідэолага.
Супрацоўнікам прапаноўвалі запісаць відэаролікі да хвіліны з вершамі або прозай на беларускай мове.
“У Беларусі 2025 год праходзіць пад знакам 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, таму выбірайце адпаведныя творы (тэмай якіх стала Вялікая Айчынная вайна)”, — папярэдзілі арганізатары.
Ветэран працы Людміла Рубашка прачытала верш “Два палі” Анатоля Вярцінскага. Ветэран працы Ірына Голайда – верш Пятра Глебкі “Пасылка”. Інструктар па арганізацыйна-масавай рабоце аддзела ідэалогіі Анжаліка Лявонава прачытала ўрывак з аповесці Васіля Быкава “Альпійская балада”.
Міжнародны дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага ўжо 25 гадоў, каб садзейнічаць моўнай і культурнай разнастайнасці і шматмоўю. Беларуская мова па класіфікацыі ЮНЕСКА з’яўляецца “ўразлівай”. Паводле перапісу 2019 года, 54,1% жыхароў Беларусі лічыць беларускую мову роднай, 26% – выкарыстоўвае дома.
Чытайце таксама: Каму патрэбна беларуская мова ў Гродне: перамогі і паразы ТБМ



