Спадчына

Чаму ўсё ж Горадня, а не Гародня? Патлумачыў гісторык

Першая вядомая назва нашага горада — «Городенъ». Менавіта так яго называлі яшчэ ў XII стагоддзі, пры першых згадках у Іпацьеўскім, Лаўрэнцьеўскім, Радзівілаўскім летапісах. Гродна — позняя, ужо паланізаваная назва. А як прамежкавую назву ведаюць «Горадня» (або «Гародня»), але невядома, адкуль яна ўзялася. Гісторык Мікола Волкаў напісаў, якім чынам Горадзен мог ператварыцца ў Горадню.

На тлумачэнне паходжання назвы кандыдата гістарычных навук Міколу Волкава наштурхнула праца з Антосем Дацкевічам над гісторыяй Берасця.

«Высветлілася, што назва горада і ў гістарычных крыніцах і для мясцовага насельніцтва была мужчынскага роду, а з’яўленне формы „Берасце“ ў ніякім родзе трэба інтэрпрэтаваць як гістарыяграфічную памылку, — расказаў ён у сваім Facebook. — Пры гэтым калегі звярнулі ўвагу на досыць выразна бачную заканамернасць: амаль усе старажытныя рускія гарады маюць назвы ў мужчынскім родзе. Гэта амаль правіла».

Вінавата Літва

Але трансфармацыя формы «Городенъ» у «Городно» — не гістарыяграфічная памылка. «Яна добра бачна па крыніцах XVI ст. Прычынай гэтага, верагодна, была Літва. Таксама як з рускімі назвамі мужчынскага роду ўражвае распаўсюджанне жаночага роду сярод ранніх літоўскіх назваў: Крэва, Ліда, Вільна, Коўна і г. д. Можна дастаткова хутка дзясяткі такіх назваў адразу прывесці, згадваючы геаграфію гістарычнай Літвы».

Русіны спрабавалі іх перарабляць гэтыя назвы ў мужчынскі род кшталту: Ковенъ, Кревъ. «Пазней з гэтам дапамаглі палякі, для якіх назвы кшталту „Керново“ заўжды набывалі мужчынскі род — „Kiernów“». Так, у крыніцах XV-XVI стст. Волкаў знайшоў, што вядомае мястэчка Ракаў пад Мінскам першапачаткова называлася «Раково». Адпаведна літоўскім уплывам можна патлумачыць і з’яўленне Горадна (Горадні).

«Атрымліваецца такая цікавая дыхатамія мужчынскага і жаночага, рускага і літоўскага», — зазначае гісторык. У каментарах да допісу таксама адзначылі пашыранае ў антычным свеце разуменне гораду, зямлі як жанчыны.

А чаму ж не Гародня?

А ці не Гародня — больш правільная гістарычная назва для нашага горада? Тут гісторык згодны з агульнапрынятым меркаваннем: «Гародню» стварыў Уладзімір Караткевіч.

«Городенъ» — адзіная летапісная назва нашага горада, якая змяняецца на імя «Гродна» перад самым стварэннем Рэчы Паспалітай, у 60-я гг., адзначана ў выданні «Гродназнаўства». «Гародня» ці «Горадня» — «народныя» назвы.

Як яшчэ называлі Гродна і што гэта ўсё значыць?

Крыжакі называлі наш горад «Гартэн» (Garthen) або «Гартэна» (Garthena). У перакладзе з нямецкай мовы слова garten азначае «сад». У лацінскіх дакументах горад згадваўся як «Grodno» або «Grodnae». Сучасная назва — Гродна — ўпершыню сустракаецца ў грамаце вялікага князя Жыгімонта ІІ Аўгуста, датаванай 1562 годам.

На літоўскай мове Гродна называлі і працягваюць называць Gardinas (Гардзінас). Паводле літоўскага філолага пачатку ХХ стагоддзя Казімераса Буга, гэтая назва паходзіць ад імя паганскага бога Гардуніціса (таксама вядомага як Гарнітас або Гардунціс), якога шанавалі яцвягі. Лічыцца, што побач з Гродна існаваў гай, прысвечаны гэтаму богу.

Згодна з гісторыкам Вячаславам Шведам, назва Горадзен (Горадня) паходзіць ад ракі Горадня (Гарадніца, Гараднічанка). Слова горадня абазначала зруб з бярвенняў або брусоў, запоўнены зямлёй і каменнем, які выкарыстоўвалі ў якасці апоры для будаўніцтва моста. У сярэднявеччы, як і цяпер, мост праз Нёман знаходзіўся паблізу Замкавай гары.

Паводле гісторыка Алеся Госцева, назва «Городен» азначае «абгароджанае месца», бо першапачаткова гэта быў горад-крэпасць на паўночна-заходніх межах Кіеўскага княства. Сучасныя беларускія мовазнаўцы лічаць, што нямецкае Garthen і літоўскае Gardinas з’яўляюцца дакладнымі перакладамі старажытнарускага Городен.

Падзяліцца

Апошнія запісы

Квіткі ў Вільню патаннелі? Усё не так проста

Буйны агрэгатар перавозчыкаў "Атлас" абвясціў пра зніжэнне коштаў на квіткі: да канца лютага можна дабрацца…

30 студзеня 2025

На беларуска-літоўскай мяжы знайшлі тунэль кантрабандыстаў даўжынёй 25 метраў

Літоўскія памежнікі выявілі падземны ход даўжынёй 25 метраў у раёне вёскі Пашальчай, каля мяжы з…

30 студзеня 2025

Нёман хутка стане як горная рака? Эколаг патлумачыў, што адбываецца

Праз змены клімату год ад года плытчэе Нёман. Сітуацыю магла б выправіць зіма з вялікай…

30 студзеня 2025

Стала вядома, хто купіў палац у Панямуні - пераможца аўкцыёну збірае грошы, каб аплаціць лот

Пераможцам аўкцыёну па продажы будынка былой каралеўскай сядзібы Панямунь стала царква «Слова Божае» хрысціян веры…

29 студзеня 2025

У Гродне шукаюць інвестараў, якія забудуюць Вялікую Траецкую

Участкі на Вялікай Траецкай, якія ў мінулым адносіліся да гістарычнага раёна Школьны двор, плануюць выставіць…

29 студзеня 2025

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнэс — глэмпінг у выглядзе трохкутніка

Пад Гроднам прадаюць глэмпінг. Трохкутны дом «Зорка над Нёманам» атачае хваёвы лес, а ў 150…

29 студзеня 2025