Жыгімонт Аўгуст быў апошнім Ягелонам на літоўска-польскім троне: ён не меў нашчадка і пасля яго надышла пара выбарных каралёў. Дадатковую трагічнасць вобразу манарха дадае гісторыя яго кахання да Барбары Радзівіл, якая стагоддзямі натхняла творцаў. А самыя розныя версіі смерці маладой каралевы абмяркоўваюць і сёння.

Але што было б, калі б Жыгімонт і Барбара мелі сына? Як склаўся б лёс краіны, калі б Ягелоны працягнулі панаваць у гэтай частцы Еўропы? Разважаем аб няспраўджаных магчымасцях гісторыі разам з еўрапейскім беларускім выдавецтвам Gutenberg Publishers.

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл. Абраз Яна Матэйкі, 1867 г. З калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве.
Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл. Карціна Яна Матэйкі, 1867 г. З калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве. Крыніца: commons.wikimedia.org

А што, калі б Жыгімонт меў нашчадка?

Вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт Аўгуст быў поўны цяжкіх думак і клопату. Усё, здаецца, ішло ў яго нядрэнна, але думаў манарх то пра свайго бацьку Жыгімонта Старога, які страціў Смаленск на карысць Маскоўскай дзяржавы, то пра стрыечнага брата караля Людовіка, юнага караля Лаяша, які загінуў у бітве з туркамі пры Мохачы, спыніўшы там самым гісторыю Вянгерскага каралеўства і гісторыю Ягелонаў на троне Венгрыі. Ён таксама згадваў сваіх шматлікіх сваячак, якія павыходзілі замуж то за германскіх імператараў, то за шведскіх каралёў, і цяпер іх нашчадкі могуць прэтэндаваць на трон Рэчы Паспалітай.

Усё круцілася вакол нашчадка. Ягелоны па мужчынскай лініі проста маглі спыніцца на ягонай манаршай асобе і гэта было б страшна. Жыгімонт ведаў, як каршуны накінуцца на яго дзяржаву і як будзе яе раздзіраць усобіца самой шляхты і магнатаў. Эх, цяжкая каралеўская доля, а яшчэ ў яго, маладога, усяго крыху за трыццаць, пачынаюць балець суставы — відавочная прыкмета спадчынай хваробы Ягелонаў - падагры.

Тут за дзвярыма пачуліся крокі і яны хутка расчыніліся. Кароль унутрана сціснуўся і рашуча ўзняў галаву насустрач няведамаму: «Гавары хутчэй».

«Кароль, некалькі хвілін таму, 30 верасня 1552 года ад нараджэння Панскага, каралева Барбара нарадзіла здаровага сына…»

Гістарычныя факты: Жыгімонт Аўгуст быў апошнім у дынастыі

Жыгімонт Аўгуст быў адзіным сынам Жыгімонта Старога і Боны Сфорца (пазней, праўда, у іх нарадзіўся яшчэ адзін сын, але памёр, не пражыўшы і дня). Сам ён быў жанаты тройчы, але дзяцей так і не займеў. Барбара Радзівіл была яго другой жонкай — і прынесла мужу істотныя палітычныя праблемы, бо польскія магнаты былі ўстрывожаныя перспектывай росту ўплываў Радзівілаў. Ды і шлюб быў відавочна няроўным, што многія палічылі сапраўднай абразай гонару каралеўскай пасады. І шляхта, і бацька, і маці - усе патрабавалі ад Жыгімонта ануляваць шлюб.

У XVI ст. двое Ягелонаў сапраўды ўладарылі на троне Чэхіі, Венгрыі і Харватыі, але пасля іх там месца занялі Габсбургі. Шматлікія шлюбы сясцёр Жыгімонта Аўгуста сапраўды прывялі да таго, што ў канцы стагоддзя Вялікімі князямі літоўскімі і каралямі польскімі сталі прадстаўнікі шведскай дынастыі Вазаў.

Цікава, што самога Жыгімонта Аўгуста каранавалі яшчэ да смерці яго бацькі Жыгімонта Старога. Гэта выклікала супраціў шляхты і магнатаў, што ў будучыні прывяло да рашэння аб усеагульных выбарах новага манарха пасля смерці старога. Наогул, пры Жыгімонце Аўгусце палітычная пазіцыя магнатаў узрастала, а цягам усяго панавання Ягелонаў паўстала сістэма, у якой вырашальная роля ў палітыцы дзяржавы была за шляхтай. Пры гэтым парламентарызм новапаўсталай тады Рэчы Паспалітай заставаўся дастаткова неўрэгуляваным.

А што, калі б у Жыгімонта быў сын — і праз яго набывалі б моц Радзівілы?

Жыгімонт і Барбара далі свайму сыну імя Ян. Сям’я не паспела нацешыцца шчасцем, і праз два гады Барбара памерла «ад нарыву над пупком…». Яна пакінула караля з хлопчыкам, які толькі пачаў гаварыць першыя словы. Жыгімонт ніколі больш не ажаніўся. Жанчын у яго хапала, але малы Ян быў яго галоўнай радасцю. Нацярпеўшыся і нанерваваўшыся, Жыгімонт вырашыў аддаць сітуацыю на волю Бога, бо толькі той мог выратаваць хлопчыка, які ў тыя жорсткія часы мог памерці ад чаго заўгодна — хваробы, стыхіі, проста няшчаснага выпадку. Але хлопчык рос не толькі нямымі малітвамі бацькі, але і пастаяннай апекай дзядзькоў - нефармальных уладароў Літвы Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзвіла Рудога. Ян шмат часу праводзіў у іх у Нясвіжы, выклікаючы зайздрасць паноў Кароны і магнатаў Літвы.

Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл
Смерць Барбары Радзівіл, карціна Юзафа Сімлера, 1860 г. Крыніца: commons.wikimedia.org

Гістарычныя факты: Радзівілы сапраўды былі зацікаўленыя ва ўплыве на караля

Многія лічаць шлюб Жыгімонта Аўгуста з Барбарай Радзівіл вынікам вялікага кахання, але гэтаксама гэта мог быць вынік палітычных інтрыг яе брата Мікалая Радзівіла Рудога і стрыечнага брата Мікалая Радзівіла Чорнага. Калі б прадстаўнічка іх сям'і была каралевай і маці чарговага караля — гэта безумоўна адкрывала б для сям'і вялікія магчымасці ўплыву на палітыку ў Літве і Польшчы.

Жыгімонт пасля смерці Барбары сапраўды меў яшчэ шмат каханак і нават яшчэ адну жонку — Кацярыну Аўстрыйскую. Але вялікага пачуцця ў яго жыцці ўжо ніколі не здарылася.
беларуская настольная гульня Шляхта ад выдавецтва Gutenberg Publisher

Менавіта ў часы Ягелонаў у Вялікім Княстве Літоўскім і ў Каралеўстве Польскім пачала ўзмацняцца роля шляхты і фармавацца асаблівая палітычная сістэма — шляхецкая дэмакратыя. Самая буйная шляхта — магнаты — у абедзвюх краінах і пазней у Рэчы Паспалітай намагаліся ўплываць на манарха і абмяжоўваць яго ўладу. І тут усе сродкі былі добрыя: і прыдворныя інтрыгі, і грошы, і нават такая, здавалася б, інтымная рэч, як каханне.

Адчуць сябе шляхціцам можна ў настольнай гульні «Шляхта. The Nobility» ад еўрапейскага беларускага выдавецтва Gutenberg Publisher.

Гэта прыгожа выдадзеная стратэгічная гульня на тэму беларускай гісторыі з лёгкім водарам фэнтэзі: алхіміяй, скарбамі і выштукаванай зброяй. Да гульні далучаная кніжачка з біяграфіямі знакамітых постацей.

Гульня «Шляхта. The Nobility» пасуе кожнаму: яна не патрабуе ведання Беларусі, мае просты механізм, беларускасці ёй надае мастацкі складнік.

Хочаце набыць добрую беларускую кніжку? Знайсці якасны падарунак для сяброў? Выдаць свой беларускі друкаваны праект? Звяртайцеся да выдавецтва Gutenberg Publisher.

А што, калі б сын Жыгімонта Аўгуста стаў наступным князем і каралём?

Калі Жыгімонт Аўгуст памёр, маладому Яну было дваццаць гадоў. Тым не менш, яго выбралі каралём і вялікім князем згодна, бо ведалі, што ён Ягелон і не хацелі звадак у дзяржаве. Кароль Ян сутыкнуўся з рашучым непрыманнем сваёй асобы з боку Габсбургаў, якія планавалі пасадзіць на трон кагосьці са сваіх Ягелонаў па жаночай лініі.

Гістарычныя факты: Ягелоны скончыліся, але не зусім

Жыгімонт Аўгуст не меў дзяцей — і на ім мужчынская лінія Ягелонаў абарвалася. Але логіка «выбраць Ягелона» сапраўды мела месца ў час выбараў аднаго з наступных каралёў. Пасля няўдалага выбару Генрыха Валуа, які праз год уцёк з Кракава ў Францыю, у 1575 годзе сейм аб’явіў каралём Польшчы сястру Жыгімонта — Ганну Ягелонку. А ўжо ёй да пары выбіралі годнага мужа. У выніку ім стаў Стэфан Баторый. І нават пасля яго смерці Ганна Ягелонка магла б самастойна працягнуць праўленне, бо менавіта яна была абвешчана каралевай у 1575-м. Але Ганна, ужо немаладая, вырашыла падтрымаць кандыдатуру свайго пляменніка, шведскага каралевіча Жыгімонта Вазы. Так польска-літоўскі трон на нейкі час заняла дынастыя Вазаў.

Яшчэ больш альтэрнатыўнай гісторыі:

А што, калі б сын Жыгімонта Аўгуста стаў палітыкам еўрапейскага маштабу?

Ян сабраў войска і дапоўніў яго аддзеламі войскаў сяміградскага ваяводы Іштвана Батары, якога прызначыў сваім намеснікам. Войска Яна разам з аддзеламі ваяводы Іштвана даволі хутка захапілі крэпасць Брэслаў, а немцы не змаглі прыйсці на дапамогу абложанаму гораду, паколькі іх з тэрыторыі Венгрыі нечакана атакавалі туркі, леннікам якіх фармальна працягваў заставацца ваявода Іштван. Шырокая і прадуманая палітыка караля Яна зрабіла з яго гульца еўрапейскага маштабу, пра што нават не мог падумаць ягоны бацька.

Нават у Мілане прынялі паслоў Рэчы Паспалітай, каб узгадніць сваю антынямецкую палітыку з «паўночным Сфорца», як называлі сваяка з берагоў Балтыкі прадстаўнікі роду з Мілана. Дапамагала каралю і ягоная бабуля Бона Сфорца, якая памерла ў Гродне ў сваім палацы ў 1584 годзе ва ўзросце фантастычных для тых часоў 90 гадоў (!).

У тым самым годзе памёр маскоўскі цар Іван. Яго слабы і бязвольны сын Фёдар не змог супернічаць з Янам і вельмі баяўся вайны. Аднак Ян вайны не пачаў, засылаючы ў Масковію паслоў, абяцаючы баярам прывілеі і магчымасці шляхты літоўскай. І калі Фёдара не стала, то Ян прапанаваў сваю пасаду ў выбарах на маскоўскі пасад. Ніхто асабліва сур’ёзна прапанову не ўспрымаў, царом мусіў стаць нехта са старога маскоўскага баярства, аднак нечакана аказалася, што ў Яна мноства прыхільнікаў. Тут працавалі і абяцанкі, і мноства паўнаважкага іспанскага срэбра, якім агенты караля плацілі ўсім патрэбным шчодрай рукой. І 27 лютага 1602 года амаль пяцідзесяцігадовы кароль і вялікі князь Ян стаў маскоўскім царом Іванам V.

Гістарычныя факты: Бона памерла ў Італіі, а цар Фёдар сам прэтэндаваў на польска-літоўскі трон

Вядома, што ў рэальнай гісторыі неўзабаве пасля смерці апошняга Ягелона каралём і вялікім князем стаў акурат Іштван Батары. Нам ён болей вядомы пад крыху змененым імем — як Стэфан Баторый.

Габсбургі, зрэшты, свайго Ягелона таксама на трон ВКЛ і Польшчы не пасадзілі.

З Італіяй сувязі абарваліся. Каралева Бона пасля смерці свайго мужа Жыгімонта Старога вярнулася на радзіму, бо з сынам была ў канфлікце яшчэ з часу яго шлюбу з Барбарай Радзівіл. Там яна памерла, атручаная ўласным лекарам, якога падкупілі іспанцы.

Цар Фёдар Іванавіч сапраўды быў слабым уладаром, не роўня яго бацьку Івану Жахліваму. Але паспрабаваў прэтэндаваць на пасаду караля і вялікага князя ў Рэчы Паспалітай у 1587 годзе, акурат пасля смерці Баторыя. Ён нават меў пэўную падтрымку ў Вялікім Княстве.

Зрэшты, у любым выпадку — і калі б кароль Рэчы Паспалітай стаў царом маскоўскім, і наадварот — паўставала б вельмі складанае пытанне змены веры.