Закінуты дом па адрасе Будзённага, 52 рэканструююць пад шматфункцыянальны будынак. Забудоўшчык — мінская фірма ТАА «Актыўдэвелампент». Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце Гродзенскага гарвыканкама ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні».

Будынак зробяць вышэй, а ўчастак добраўпарадкуюць

Праект рэканструкцыі дома прадугледжвае павелічэнне яго паверхавасці. Плануецца, што прылеглую да ўчастка тэрыторыю добраўпарадкуюць — там з’явіцца цвёрдае дарожнае пакрыццё.

Дом на Будзённага, 52 не з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пры гэтым ён знаходзіцца на тэрыторыі гістарычнага цэнтра Гродна, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю першай катэгорыі.

План забудовы ўчастка на Будзёнага, 52. Крыніца: grodno.gov.by
План забудовы ўчастка на Будзённага, 52. Крыніца: grodno.gov.by

Рэканструкцыяй дома будзе займацца мінская фірма ТАА «Актыўдэвелампент».

Грамадскія абмеркаванні праекта правядуць са студзеня па люты 2025 года. Да сакавіка будзе прадстаўлена справаздача аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. З сакавіка па красавік будзе прынятае канчатковае рашэнне па праекце.

Чытайце таксама: Чаму трэба хадзіць на грамадскія абмеркаванні ў Гродне

Папярэдні інвестар планаваў адкрыць на месцы дома кафэ

Закінуты дом разам з участкам выставілі на аўкцыён у ліпені 2023 года. Тады стартавы кошт лота складаў 151 048 руб. (амаль $ 50 тыс.), а інвестар мог рэканструяваць будынак пад аб’ект гандлёва-абслугоўваючага прызначэння.

Да гэтага дом ужо належаў прыватнаму інвестару, які збіраўся адкрыць у ім кафэ. Але працы так і не пачаліся і будынак перапрадалі.

Дом на Будзённага, 52 пабудавалі ў 1900 годзе ў стылі прымітыўнай эклектыкі. Дэкаратыўнае афармленне моцна пацярпела пры капітальным рамонце за савецкім часам. Пасля адсялення жыхароў у 2000-х будынак пуставаў шмат гадоў.

Чытайце таксама: Паміж могілкамі і «Азотам» пабудуюць гандлёва-выставачны цэнтр