Хлопец не з’явіўся па позве ў ваенкамат. Супраць яго завялі крымінальную справу, але прыпынілі, пакуль ён быў у вышуку. У 2024 гродзенец прыехаў у Беларусь — і трапіў пад суд. А восенню 2024 года ў Гродне на прызыў не з’явіліся 26 чалавек.

Малады чалавек быў на ўліку ў ваенкамаце. У 2023 годзе ён атрымаў паведамленні аб праходжанні тэрміновай службы, прайшоў медыцынскае абследаванне і быў прызнаны прыдатным для службы ў войску. Атрымаўшы позву, гродзенец не прыйшоў у ваенкамат і не даслаў ніякіх апраўдальных дакументаў, расказалі на «Гродно Плюс» са спасылкай на матэрыялы справы.

Падчас суда. Скрыншот Hrodna.life рэпартажу "Гродна Плюс"
Падчас суда. Скрыншот Hrodna.life рэпартажу «Гродна Плюс»

Крымінальную справу па ч. 1 арт. 435 (ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу) завялі, але яе давялося прыпыніць, пакуль хлопец быў у вышуку. У 2024 годзе ён «аб'явіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» і быў затрыманы. Справу разглядаў суд Ленінскага раёна на выязным пасяджэнні ў ваенным камісарыяце Гродна і Гродзенскага раёна. На судзе малады чалавек прызнаў віну і раскаяўся, але атрымаў паўтара гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Пасля гэтага яму ўсё роўна давядзецца адслужыць у войску.

Крымінальныя справы ёсць яшчэ на 18 чалавек

Пасля восеньскага прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве ў 2024 годзе крымінальныя справы па ч. 1 ст. 435 распачалі супраць яшчэ 18 чалавек. Усяго ж у Гродне на прызыў не з’явіліся 26 чалавек, якія атрымалі позвы пад асабісты подпіс. Матэрыялы ў адносінах да іх накіравалі ў тэрытарыяльныя органы ўнутраных спраў для праверкі і працэсуальнай ацэнкі.

Судзяць нават з бальнічнымі

Апраўдальныя дакументы таксама не заўсёды змяняюць сітуацыю. Так, у 2023 годзе ў Лідзе хлопец падчас прызыву ўзяў бальнічны і спрабаваў выправіць перагародку ў носе. У гэтым убачылі намер на ўхіленне ад прызыву і асудзілі яго на год «хіміі».

23-гадоваму смаргонцу ўручылі ў 2022 годзе позву на праходжанне медкамісіі. Ён не прыйшоў, рэгулярна мяняў нумары тэлефона, адрасы, і нідзе не працаваў афіцыйна. Яго затрымалі ў лютым 2023 года ў Менску і далі два гады «хіміі», але год скасавалі праз амністыю ў гонар Дня народнага адзінства.

Чытайце таксама: «Любая дзедаўшчына скончылася б трагедыяй». Як гродзенцы «касілі» ад войска