Лідчанін падчас прызыву ўзяў бальнічны і спрабаваў выправіць перагародку ў носе. У гэтым убачылі намер на ўхіленне ад прызыву і асудзілі яго на год «хіміі». Такое рашэнне па ч. 1 арт. 435 КК вынес 11 кастрычніка суд Лідскага раёна ў выязным пасяджэнні ў раённым ваенкамаце.

Ваенкам сцвярджае, што лідчанін не прыйшоў на медагляд па позве, хоць атрымаў яе пад подпіс. Той пагадзіўся: сказаў, што прайшоў амаль усіх лекараў. А потым прыйшоў у Лідскую ЦРБ і атрымаў бальнічны як навучэнец. Там ён на пытанне лекара схлусіў, што ён — не прызыўнік.

На паўторны прыём ён не прыйшоў. З просьбай падоўжыць бальнічны прыйшла бабуля, але ёй у гэтым адмовілі. У той жа дзень хлопец з’ехаў па месцы жыхарства ў іншы горад і да канца прызыву так і не прайшоў псіхіятра. У іншым горадзе ён папрасіўся ў бальніцы прайсці аналізы і шпіталізавацца са зрушэннем насавой перагародкі. Прастуды ў яго ўжо не было. Таму ў гэтым угледзелі «намер» на ўхіленне.

Хлопца пакінулі пад падпіскай аб нявыездзе.

У снежні прайшла апеляцыя ў Гродзенскім абласным судзе. Хлопец і яго адвакат прасіў прызначыць яму пакаранне ў выглядзе штрафу.

Ён адзначыў, што ў яго быў бальнічны на час прызыву. А потым ён працягнуў праходзіць абследаванне і лячэнне — у тым ліку, медыцынскую рэабілітацыю па каленным суставе, таму не мог прыйсці. А калі змог — прыйшоў і распавёў пра хваробу. Але суд адзначыў, што хлопец з’ехаў з Беларусі ў Расію — і не паведаміў пра гэта ваенкамату. І вырашыў пакінуць прысуд без змены, а апеляцыйныя скаргі — без задавальнення.

Чытайце таксама: «Любая дзедаўшчына скончылася б трагедыяй». Як гродзенцы «касілі» ад войска