Краязнаўца і блогер Яўген Аснарэўскі ў сваіх сацсетках прадставіў эскізны праект рэканструкцыі часткі палацу Масальскіх, які мусіў знаходзіцца на вуліцы Замкавай, 7. На думку Аснарэўскага, пасля аднаўлення палаца ўнутры можна размясціць офісы і кавярні.
Двухпавярховы палац Масальскіх пабудавалі на пачатку XVIII стагоддзя. У 1757 годзе падарожнік Вільгельм Шлемюлер паставіў пабудову на трэцяе месца ў Гродне пасля палацаў Сапегаў і Радзівілаў.
Палац згадвае ў сваіх мемуарах Марцін Матушэвіч, набліжаны Караля Радзівіла Пане Каханку. Шляхцiч вёў перамовы з Масальскімі, бо тыя пасварылiся з Радзівілам і палац на Замкавай служыў адной з асноўных перагаворных пляцовак. З пачатку 80-х гадоў XVIII стагоддзя сядзібай валодаў «літоўскі Рышэлье» i сын гетмана Мiхаiла віленскі біскуп Ігнацый Масальскі.
Пасля палац перайшоў Юндзілам. Па звестках Мечыслава Супрона, у 1810 годзе Юндзіл скардзіўся на вайскоўцаў, якія кватаравалі ў яго палацы, i «паразбіралі люстры, фігуры і гіпсавыя вазоны, паабдзіралі сукно і шырмы з падлогай».
У канцы XIX стагоддзя палац згарэў, а на яго месцы пабудавалі два будынкі.
Палац можна аднавіць, захаваўшы больш сучасныя пабудовы
Асанрэўскі распрацоўваў праект рэканструкцыі на падставе іканаграфічных крыніц палацу Масальскіх. «Рэканструкцыі аблічча рэзідэнцыі рабіліся нашымі даследчыкамі і раней, у прыватнасці Мечыславам Супронам. Аднак тут я паказваю як магла б выглядаць адрожданая частка аб’екта ў рэальным гарадскім асяроддзі», — піша ў сваім Facebook краязнаўца.
Зараз на месцы былога палацу знаходзяцца два будынкі пад нумарамі 7 і 9. Таму блогер лічыць, што аднаўляць палац у поўным аб’ёме немэтазгодна, бо давядзецца руйнаваць пабудовы.
«Аднак можна аднавіць прыкладна палову палаца „ахінуўшы“ дамок № 7, пры гэтым захаваўшы яго цяперашні фасад, які хоць і, мякка кажучы, не адрозніваецца мастацкай выразнасцю, але ўсё ж мае пэўную каштоўнасць як помнік, тым больш менавіта тут калісьці размяшчаўся уваход у сумна вядомае Гродзенскае гета № 1. Пра гета нагадвае памятны знак, устаноўлены на сцяне 7-га дома», — адзначае Асанрэўскі.
Адноўлены палац будзе карыстацца попытам з-за сваёй лакацыі
Краязнаўца ўпэўнены, што адрэстаўраваны палац будзе карыстацца попытам дзякуючы сваёй лакацыі ў самым цэнтры Гродна. «Тут не бывае лішніх арэндных метраў, таму новы паверх будынка зможа змясціць офісы і кавярынькі, або стаць месцам увасаблення больш арыгінальных задумак. Выгада бізнэсу і знешняя прыгажосць гараджанам і турыстам. Два ў адным!», — рэзюміруе гродзенец.
Чытайце таксама: Гродзенец паказаў, як можна адбудаваць забыты ўсімі палац — атрымаўся б прывабны рэстаран-гатэль