Пра свой незвычайны досвед наведвання гродзенскіх устаноў распавяла ў TikTok карыстальніца пад нікам gribnoyzavertish. Сярод яе гісторый ёсць як і расчараванні ў кухні ці сэрвісе, так і нечакана высокі ўзровень кліентаарыентаванасці. Тэма зачапіла гродзенцаў і яны пачалі расказваць у каментарах свае трэш-гісторыі з гродзенскага грамадскага харчавання.
Кухня, абслугоўванне, наведвальнікі – які трэш знайшла аўтарка ў кафэ Гродна?
«У «Нашу каву» (старая назва кавярні Soul coffee на Замкавай – Hrodna.life) часта заходзіў мужчына на мыліцах, прасіў у наведвальнікаў вызваліць яму адзін канкрэтны столік і купіць яму каву з торцікам. Ніхто не адмаўляў! Назірала гэтую карціну ўсё лета 2022 года. Мужчына, вярніцеся, гэта было нешта».
Пра кафэ «Адэса мама» ў аўтаркі іншая гісторыя:
«Заказала тут суп, прапанавалі іншы, бо таго няма, у выніку прынеслі абодва і малады афіцыянт маліў «увайсці ў становішча» і аплаціць абодва. Я, вядома, у становішча ўвайшла і аплаціла, але гэта было дзіўна. Усё роўна хаджу туды, бо смачна».

Зусім нечакана скончыўся паход у кавярню “Какао” на Савецкай, 6.
«Селі за вольны столік, аказалася, што за яго хацеў сесці нейкі мужчына, выслухалі яго незадаволенасць, потым было нейкае трызненне ад барыста, аплацілі замову (45 р) і адразу ж сышлі… На наступны дзень адміністратарка гэтай кавярні знаходзіць мяне… у іншай кавярні, просіць прабачэння і аддае грошы. Кліентаарыентаванасць – Level GOD».
Узгадвае аўтарка і пра ўжо неіснуючыя ўстановы. Напрыклад, пра кітайскае кафэ “Юань” на Маркса.
«Спачатку было ўсё выдатна, гатавала мама ўладальніка (кітаянка), потым нанялі мясцовых кухараў і афіцыянтку. З тых часоў рыс заўсёды быў перавараным як каша… Кітайскі рэстаран і нясмачны рыс гэта трэш. Рэстаран зачыніўся (не дзіўна)».
Прэтэнзіі да “Адэса мама”, “Хінкальня” і не толькі
Тэма знайшла водгук сярод карыстальнікаў TikTok. У каментарах гродзенцы расказваюць свае гісторыі. Кафэ «Адэса мама» дастаецца ад шматлікіх наведвальнікаў.
«А ў «Адэса мама» фішка такая – увайсці ў становішча пры любым касяку. Я ад афіцыянткі гэтую фразу разоў 10 пачуў».
«У «Адэса мама» зайшлі з сябрам паесці. Салата «Аля Цэзар» складалася з горкага лісця салаты без падліўкі, двух танюсенькіх кавалачкаў сухой курыцы, адной чвэрцінкі яйка і пары кавалачкаў чэры. Мой «гуляш» складаўся з 3-4 маленькіх кавалачкаў мяса, падліўкі і не асабліва цёплай бульбачкі. […] Да ўсяго іншага, афіцыянтаў прыходзілася самім хадзіць шукаць па ўсёй зале, што займала хвілін па 5-7 кожны раз, бо ў зале наогул нікога з працаўнікоў не было, а людзі былі. А яшчэ мы сядзелі ў правай ад уваходу частцы залы і з кухні няспынна даносіліся гучныя гукі, як быццам нехта на кафлю кідае металічныя рондалі і падносы. Карацей, гэта проста быў нейкі капец. І вельмі шкада, бо калі адчыніўся, гэта быў вельмі добры рэстаран, ён мне тады моцна падабаўся».
«У «Хінкальні», якая ў цэнтры, «глухаватая» афіцыянтка прынесла 8 хінкаляў замест 4, я замовіла з мясам і сырам, потым адмовілася ад мясных і замяніла іх яшчэ на адны сырныя… прынесла яшчэ 4 мясныя…».
«Мне тамака ж (у «Хінкальні» – Hrodna.life) адмовілі ў просьбе не сыпаць на страву свежую пятрушку (у мяне алергічны прыступ можа здарыцца з-за яе), афіцыянт быў папярэджаны, у наступстве сітуацыя не вырашылася ад слова зусім. Жудаснае месца».
«Punk Roll, былі на канцэрце на летняй пляцоўцы, замовілі на самавываз, канцэрт скончыўся і мы вырашылі паесці ва ўстанове, месцаў шмат. Нам адмовілі, бо самавываз не ў прыгожым посудзе. Папрасілі перакласці тады ў посуд, мы яшчэ не пачалі есці, нават не распакоўвалі, адмовілі. Прыйшлося есці на вуліцы, асадак застаўся, больш туды не хаджу, хоць стравы нядрэнныя».
Чытайце таксама: Уладальнікі кафэ ў Гродне змагаюцца з хітрунамі, якія маніпулююць зніжкамі
«Былі ў «Ачагу» (шашлыкі на Савецкай), нам трапіўся нейкі абкураны афіцыянт. Адразу ён не прынёс усю нашу замову, потым прынёс тое, што мы не заказвалі. […] Велізарны мінус – адсутнасць прыбіральні, адпраўляюць у платную прыбіральню ў моладзевы цэнтр, а калі яшчэ надвор’е не вельмі – то гэта такое сабе мерапрыемства».
«Працавала ў рэстаране «Вясёлка» амаль 10 гадоў, у мяне адтуль гісторый столькі, што кнігу выдаваць можна», – напісала Яраслава. Але аб канкрэтных выпадках не расказала.


