Спадчына

120 гадоў таму ў Гродне друкавалі цукерачныя абгорткі для ўсёй Расійскай імперыі. Польскі калекцыянер знайшоў іх у Беластоку

Калекцыянер Матэвуш Рыдзеўскі на гарышчы старога дома ў Беластоку знайшоў мноства абгортак для цукерак, надрукаваных на гродзенскай фабрыцы братоў Лапіных. Цяпер мужчына марыць пабываць у Гродне і перадаць частку калекцыі ў мясцовы музей, піша MOST.

Матэвуш знайшоў этыкеткі ў 2023 годзе ў прызначаным на знос доме.

— Як яны там апынуліся, я не ведаю. Можа быць, выкарыстоўваліся для ўцяплення. Думаю, што ў доме жыў яўрэй, таму што я знайшоў і рэчы, звязаныя з юдаізмам, — расказвае Матэвуш.

Матэвуш здолеў адабраць каля трохсот розных экзэмпляраў этыкетак. Многія з якіх добра захаваліся, хаця былі надрукаваны яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі.

— Я даўно займаюся пошукамі даўніны і калекцыянаваннем, але гэтая знаходка аказалася для мяне сапраўдным скарбам. Калі я знайшоў гэтыя абгорткі, адразу звярнуў увагу на рускую мову. Калісьці я здаваў іспыт па рускай, так што здолеў прачытаць, што гэта абгорткі для цукерак, якім больш за 100 гадоў. Яшчэ пры цары яны былі надрукаваны, і самае цікавае, што ў суседнім Гродне.

«Гэтыя паперкі - сапраўднае мастацтва»

Саламон Лапін заснаваў сваю літаграфію ў Гродне ў 1879 годзе. Прадпрыемства друкавала этыкеткі для гродзенскіх цыгарэт, піўныя этыкеткі, рэкламныя аб’явы, плакаты і абгорткі для цукерак. Фабрыка працягвала працу і ў міжваенныя гады, калі Гродна быў у складзе Польшчы. Тады Аляксандр і Абрам Лапіны, сыны Саламона, пачалі выпускаць ігральныя карты.

— Пра фабрыку Лапіных я ніколі не чуў, — прызнаецца Матэвуш. — Але, збіраючы знаходкі, зразумеў, што да вайны гродзенская фабрыка працавала на многія прадпрыемствы. На абгортках можна знайсці назвы з Варшавы, Любліна, Масквы і Санкт-Пецярбурга. Цікава, што вытворцы падпісвалі прадукцыю сваім імем. І ў некаторых цукерак былі незвычайныя назвы.

Тут ёсць, напрыклад, абгорткі для карамелі «Какаду», «Зачараванне», «Плач і смех». А ёсць і звыклыя нам назвы, напрыклад «Ракавыя шыйкі».

Калекцыянер асабліва захапляецца дызайнам старых абгортак.

— Гэтыя паперкі - сапраўднае мастацтва. У дарэвалюцыйны час зрабіць такія яркія абгорткі было складана. Гэта не тое што цяпер — пара клікаў на камп’ютары, і гатова. Тады трэба было сур’ёзна затлуміцца. Хачу верыць, што такія этыкеткі вельмі прыцягвалі дзяцей. Гэтыя паперкі можна разглядаць з вялікай цікавасцю.

40 злотых за этыкетку

Як абгорткі аказаліся ў Беластоку, можна толькі здагадвацца. Матэвуш не выключае, што ў доме каля ста гадоў таму маглі прадаваць цукеркі ці займацца кантрафактам. А магчыма, калі ў 1921 годзе Гродна ўвайшоў у склад Польшчы, старыя абгорткі на рускай мове аказаліся проста не патрэбныя.

— Сёння такія абгорткі - гэта нішавая тэма. Я ведаю толькі аднаго чалавека ў Польшчы, які збірае такі матэрыял. Я яго называю «кароль этыкетак», ён у свой час купіў вялікую колькасць абгортак на таргах. Калі я яму расказаў пра сваю знаходку, ён быў вельмі здзіўлены. Мы сустрэліся, і я дапамог яму папоўніць калекцыю этыкетак. Гэтыя паперкі не вельмі дарагія. Напрыклад, самая дарагая можа каштаваць 40 злотых. Але іх каштоўнасць у іншым, асабліва для тых, хто займаецца гэтай тэмай.

Сам Матэвуш з дзяцінства збірае старадаўнія бутэлькі з-пад алкаголю. У яго калекцыі больш за сотню экзэмпляраў. Гэтае хобі ён набыў ад бацькоў. Калекцыю бутэлек Матэвуша можна ўбачыць у Музеі яўрэяў Беластока.

Падарунак для Гродна

Частку знойдзеных абгортак Матэвуш перадаў у музеі Любліна і Варшавы. Марыць мужчына пабываць і ў Гродне, каб перадаць частку знаходак у мясцовы музей.

— Я даўно хацеў пабываць у Гродне. Вельмі вабіць мяне гэты горад, там ёсць што паглядзець. Калі б я паехаў у Беларусь, то прывёз бы гарадскому музею падарунак — вялікую колькасць этыкетак, якія друкавалі ў Гродне больш за сто гадоў таму. Я чуў пра карты Лапіных, якія знайшлі і аднавілі. Іх выпускалі на гэтым прадпрыемстве. Можа, калі-небудзь штосьці падобнае адбудзецца і з цукеркамі, і мае знаходкі таксама спатрэбяцца.

Падзяліцца

Апошнія запісы

У цэнтры Гродна пабудуюць закрыты квартал таунхаусаў - прадаваць кватэры пачнуць ужо ў студзені

Будаўніцтва комплексу "Роял Парк" ідзе на вуліцы Камунальнай, недалёка ад стадыёна "Нёман" і Лядовага палаца.…

8 студзеня 2025

Гродзенцы распавялі, у якім раёне дакладна не купілі б кватэру

Супрацоўнікі агенцтва нерухомасці "Цэнтр жылля" пацікавіліся ў гродзенцаў, у якім раёне тыя не купілі б…

8 студзеня 2025

У Шчорсах прадаюць былую бібліятэку Храптовічаў — раней у ёй працаваў Адам Міцкевіч

Флігель, які раней быў бібліятэкай Храптовічаў, выставілі на продаж. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце Дзяржаўнага…

8 студзеня 2025

Рэканструкцыя гасцініц, будаўніцтва ФАК і набыццё слана. Што Каранік абяцаў зрабіць для развіцця рэгіёна, але так (пакуль) і не рэалізаваў

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік святкуе 8 студзеня свой Дзень народзін - чыноўніку споўнілася 52…

8 студзеня 2025

Памёр кіраўнік «Нямнова Тур» Сяргей Каляда. Ён развіваў трансгранічныя праекты з Еўрасаюзам

Старшыня грамадскага аб'яднання "Рэспубліканскі турысцка-спартыўны саюз" і кіраўнік кампаніі "Нямнова-Тур" Сяргей Іванавіч Каляда памёр 6…

7 студзеня 2025

«Экстрэмісты» і суды пад Новы год. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Экстрэмісцкімі прызналі чаты беларусаў Варшавы. Жыхара Ліды судзяць за атрыманне замежнай дапамогі. Гродзенку судзяць за…

6 студзеня 2025