Перад доўгімі выхаднымі, якія працягнуцца з 4 па 7 студзеня, з боку Брэста пачалі збірацца чэргі. Акрамя гэтага, частка беларусаў вяртаецца ў краіны ЕС пасля навагодніх свят, праведзеных дома. Зараз выезду ў Польшчу чакае больш за 800 легкавых машын. Праходжанне мяжы ў беларусаў займае да 20 гадзін.
Кіроўцы аўто, якія 2 студзеня запісаліся ў электронную чаргу, змаглі заехаць у Польшчу толькі раніцай 3 студзеня. Чаканне праходжання мяжы даходзіць да 20 гадзін, піша Euroradio.fm. У чарзе на выезд з Брэста стаіць больш за 800 машын.
У Telegram-чаце «Мяжа BY Беларусь-ЕС» карыстальнікі абмяркоўваюць, калі лепш выязджаць з Беларусі, каб паспець патрапіць у Польшчу ў патрэбныя даты.
«Раю ўставаць у чаргу чым раней. Немагчыма прадбачыць колькі вы там будзеце стаяць. Мы пакідалі тры дні ў запасе, каб своечасова вярнуцца», — піша Алена.
«Пік рэгістрацый хутчэй за ўсё заўтра будзе, потым пойдзе на спад і да 10 прыйдзе ў звычайнае значэнне. Вольны прагноз», — мяркуе Дзмітрый.
Мяркуючы па паведамленнях у чаце, сітуацыя з турыстычнымі аўтобусамі ідзе крыху лепш. Напрыклад, карыстальніца Аксана паведамляе, што раніцай 3 студзеня яе аўтобус выехаў з Брэста: «Цяпер яшчэ стаім на мосце перад уездам у РП. На падсадку раніцай бралі, да Варшавы 100 руб. Але свабодных месцаў было няшмат», — адзначае дзяўчына.
Ганна прайшла мяжу за 11 гадзін, паводле яе слоў «аўтобус не гналі на рэнтген, рэчы абы як глядзелі праз стужку, вельмі ляніва, сумкі не адчынялі».
Папярэдні пік назіраўся ў пераднавагодні тыдзень — з 21 па 24 снежня. Тады чаканне праходжання польска-беларускай мяжы даходзіла да 50 гадзін.