Капітальны рамонт дамоў № 2, 3 і 4 на вуліцы Міра стартуе ў пачатку 2025 года. Падрадчыкам будзе ТАА «ДэнОлЮр», паведамілі ў Гродзенскай гарадской ЖКГ. У другім паўгоддзі адрамантуюць дамы № 6, 7 і 9. Цяпер ідзе распрацоўка праектаў іх капітальных рамонтаў.

Капітальным рамонтам прадугледжаны працы па рамонце (замене) даху, паддашкавага ўцяпляльніка, балконаў, уваходных груп, вокнаў і дзвярэй у месцах агульнага карыстання. Таксама павінны замяніць размеркавальныя сеткі электразабеспячэння, шчыткі, сістэмы маланкааховы, сістэмы халоднага водазабеспячэння і каналізацыі, у тым ліку пакватэрныя стаякі.

Перад пачаткам работ абавязкова праводзяцца сходы, на якіх жыхарам расказваюць аб відах работ, тэрмінах рамонту і адказных за яго.

Вуліца Міру, 5 у Гродне. Тут капітальны рамонт прайшоў у 2022 годзе. Фота: Гродзенская гарадская ЖКГ
Вуліца Міра, 5 у Гродне. Тут капітальны рамонт прайшоў у 2022 годзе. Фота: Гродзенская гарадская ЖКГ

За апошнія гады капітальны рамонт прайшоў у дамах № 5 (у 2022 годзе) і 11 (у 2024 годзе) па вуліцы Міра.

Чым вядома вуліца Міра ў Гродне

Вуліцу Міра пачалі забудоўваць у пачатку 1960-х гадоў тыпавымі 4−5 павярховымі дамамі. Гэта былі першыя ў Гродне так званыя «хрушчоўкі». Цікава, што ўсе дамы на вуліцы Міра пабудаваны з розных матэрыялаў - жоўтай глінянай цэглы рознага памеру, сілікатнай цэглы, вялікіх сілікатных эксперыментальных блокаў. Усяго там сёння 13 шматкватэрных дамоў.

Асаблівасць вуліцы Міра — традыцыйнае брукаванне камянямі, якое захавалася. Гэта адна з некалькіх вуліц, дзе да гэтага часу можна ўбачыць брук.

Таксама вылучаецца нетыповы дом № 5 з вялікімі памяшканнямі ў мезаніне. Іх пабудавалі, каб размясціць майстэрні для гродзенскіх мастакоў: з вуліцы Міра адкрываецца выдатны від на цэнтральную частку Гродна з замкамі, касцёламі, цэрквамі і драмтэатрам. Капітальны рамонт гэтага дома прайшоў у 2022 годзе.