Новы аб’ект грамадскага харчавання адкрыецца ў будынках № 31 і № 33 па вул.Вялікай Траецкай — іх рэканструююць і аб’яднаюць. Праект задумалі яшчэ год таму, і цяпер пачнуць яго рэалізацыю.
Займаецца праектам фірма «ФрутПак» за ўласныя сродкі. Пакуль невядома, у колькі гэта абыдзецца. Рэканструкцыю правядуць з сакавіка па снежань 2025 года.
Дамы № 31 і 33 на Вялікай Траецкай знаёмыя многім па майстэрнях па рамонце гадзіннікаў, акуляраў і вырабе ключоў, якія дзесяцігоддзямі працавалі на першым паверсе. На другім паверсе да 2020 года размяшчалася тайм-кафэ «Партал».
На сённяшні дзень будынак знаходзіцца ў аварыйным стане па заключэнні № 06/08−23 ТДА «Брэсцкая інжынерная група» ў 2023 годзе. Ён трымаецца выключна за кошт каркаснай звязкі канструкцый.
Згодна з праектам, два будынкі хочуць аб’яднаць пад грамадскае харчаванне. На першым паверсе і часткі другога паверха будуць пункты грамадскага харчавання да 50 чалавек. Дапаможныя і тэхнічныя памяшканні размесцяць у падвале з асобным уваходам.
Для захавання візуальнага аблічча будынка яго адновяць з захаваннем габарытаў, вышынь, вонкавага выгляду фасадаў. Фасады будуць з «роднай» керамічнай цэглы.