На пляцоўцы «Куфар» з’явілася аб’ява аб продажы гродзенскай кавярні «Чашки&ложки». Установа ўжо чатыры гады працуе ў цэнтры горада на вуліцы Вялікая Траецкая, 9.

Гатовы бізнес абыдзецца ў $14 тыс.

У аб’яве адзначаюць, што гатовы бізнес падыдзе як пачаткоўцам, так і дасведчаным рэстаратарам. Сярод пераваг вылучаюць шырокую кліенцкую базу, правераных пастаўшчыкоў, добрае размяшчэнне і наяўнасць абсталявання.

Разам з бізнесам прадаюць і абсталяванне для прыгатавання напіткаў. Сярод іх – “эксклюзіўная мадэль” кавамашыны коштам $ 18 тыс. Мадэль, аб якой ідзе гаворка ў аб’яве, называецца Wega Concept 2 Group Lime Green – Hrodna.life праверыў цэны і не знайшоў апаратаў па такім кошце. У актуальным каталогу вытворцы гэтай мадэлі ўжо няма. У сярэднім падобныя машыны гэтай маркі зараз прадаюць за $12 – 15 тыс.

Таксама новы ўладальнік атрымае лёдагенератар, халадзільнікі, электрашэйкеры для кактэйляў і пасудамыечную машыну.

За гатовы бізнес просяць 45 тыс. руб. ($13,8 тыс.). 

Установу адкрыла сцюардэса з Мінска

Кавярня «Чашки&ложки» адкрылася ў верасні 2020 года. Яе заснавала былая сцюардэса з Мінска Аксана Календа, якая пераехала ў Гродна.

Для беларускі гэта быў першы досвед вядзення бізнесу. Як расказвала Hrodna.life Аксана, установу яна адкрыла «з вялікай любові да кавы». Зараз у «Чашки&ложки» падаюць аўтарскую каву, напоі з шарыкамі тапіёкі і дэсерты.

Ва ўстанове 17 пасадачных месцаў, а ў цёплую пару года на вуліцы ўстанаўліваюць летнюю тэрасу

Чытайце таксама: У адной з гродзенскіх кавярняў разам з напіткамі падаюць жывыя кветкі