Для Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Спектр» у Гродне купяць восем квадракоптараў. На іх выдаткуюць 13 300 рублёў з гарадскога бюджэту. Раней улады паведамілі, што секцыя карыстаецца попытам у школьнікаў, таму колькасць дронаў планавалі павялічыць.

Дадаткова 4500 рублёў выдаткуюць на шэсць пультаў кіравання. Яшчэ 1560 рублёў – на шэсць акумулятараў.

Раней улады паведамлялі, што вучаць дзяцей карыстацца дронамі. Для гэтага ў школах праводзяць практычныя заняткі з рэальнымі мадэлямі. У першую чаргу – для выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў.

У будучыні ўдзельнікі такіх клубаў будуць праходзіць на дронах паласу перашкод, адсочваць рух ад першай асобы з дапамогай акуляраў і працаваць з разведвальнымі дронамі.

Указ “Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі грамадзянскіх беспілотных лятальных апаратаў” ад 25 верасня 2023 года забараніў увоз, захоўванне, абарот, эксплуатацыю і выраб беспілотнікаў, а таксама выкарыстанне паветранай прасторы Беларусі без дазволу. Карыстацца дронамі зараз могуць толькі арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі.

Што ў іншых цэнтрах?

Для Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” закупяць тры праграмна-апаратных комплексы (праграмнае забеспячэнне):

  • “Адпрацоўка навыкаў працы з вогнетушыцелем”,
  • “Пакой памылак. Небяспека ў кватэры. Кампакт”,
  • “Выклік службы МНС з сістэмай распазнання маўлення”.

Усяго на гэта выдаткуюць 70 000 рублёў.

Чытайце таксама: Каля 15 беспілотнікаў забралі за год у жыхароў Гродзенскай вобласці