Навагоднія кірмашы ў Гродзенскай вобласці будуць працаваць з 20 да 31 снежня, з адным выхадным днём – 25 снежня. У Гродзенскім дзяржаўным вытворчым лесагаспадарчым аб’яднанні вызначылі гранічныя цэны на навагоднія ялінкі ў 2024 годзе. У параўнанні з мінулым годам кошты выраслі, асабліва на высокія яліны.

Дзе купіць ялінку ў Гродне?

У Гродне купіць ялінку можна будзе з 11.00 да 19.00 на 17 ёлачных кірмашах. У Гродзенскай вобласці іх будзе каля 150. Адрасы ў Гродне:

  • праспект Янкі Купалы (каля ўніверсама “Брэст”, Ваўкавыскі лясгас);
  • Індурская шаша (каля крамы «Вішнявец», Ваўкавыскі лясгас);
  • вуліца Шчорса (каля крамы Kazarma Mall, Гродзенскі лясгас);
  • вуліца Вольгі Соламавай (каля “Еўраопта”, Гродзенскі лясгас);
  • вуліца Болдзіна (крама «Квасоўскі», Гродзенскі лясгас);
  • вуліца Ліможа (на аўтастаянцы паміж «Алмі» і «Еўраоптам», Гродзенскі лясгас);
  • Вялікая Альшанка (каля “Санты”, Гродзенскі лясгас);
  • праспект Касманаўтаў (аўтавакзал, Скідзельскі лясгас);
  • вуліца Агінскага (каля «Алмі», Скідзельскі лясгас);
  • вуліца Брыкеля (каля крамы «Лімож», Скідзельскі лясгас);
  • вуліца Стралковая (каля «Еўраопту», Скідзельскі лясгас);
  • побач з ГЦ Old City (Скідзельскі лясгас);
  • вуліца Дзяржынскага (каля міні-рынку, Шчучынскі лясгас);
  • вуліца Малышчынская (каля крамы «Дыяніс», Шчучынскі лясгас);
  • Грандзічы, вуліца Глухава, 1 (Шчучынскі лясгас).

Цэны на ялінкі ў сезоне-2024

Максімальныя кошты на навагоднія ялінкі з улікам ПДВ вызначылі:

  • да 1 м – 13,4 руб.,
  • да 2 м – 18,6 руб.,
  • да 3 м – 31 руб.,
  • елі ў кадках да 1 м – 36 руб.,
  • елі ў кадках да 2 м – 43,4 руб.

Год таму ялінка да 1 метра каштавала 12 руб., ад 1 да 2 м – 15 руб., ад 2 да 3 м – 24 руб. Навагоднія букеты каштавалі 3,9 руб., на дэкаратыўнай падстаўцы – 6,6 руб.

Выходзіць, што за год яліны падаражэлі ў залежнасці ад памеру: да 1 м – на 11,67%, вышынёй 1-2 м – на 24%, у 2-3 м – на 29,17%.

Ялінак у кадках прадаюць усё больш

У 2023 годзе лясгасы прадалі каля 32 тысяч ялінак. Таксама ў продажы ёсць навагоднія букеты – летась іх прадалі 3,3 тысячы. Яліны ў кадках таксама карыстаюцца попытам – у мінулым годзе было прададзена 625 штук, што на 10% больш, чым годам раней.

Ялінкі нарыхтоўваюць падчас высечак і вырошчваюць на спецыяльных плантацыях, якія рэгулярна папаўняюцца і пашыраюцца, расказаў намеснік начальніка аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Гродзенскага ДВЛГА Яўген Думчаў.

Арандаваць – яшчэ больш экалагічна

Гродзенскі праект “ЭкоЁлочка” прапануе ялінку ў кадцы не купляць, а арандаваць. Тады пасля святаў яе не трэба ні выкідваць, ні шукаць, дзе пасадзіць – дрэўца забяруць назад на плантацыю і будуць даглядаць да наступнага Новага года.

У 2024/2025 праект ужо прымае замовы. Можна нават замовіць тую самую ялінку, якая была ў вас год таму. Заказы на ялінку з дастаўкай прымаюць праз сайт ці па тэлефоне +375-29-282-01-01 з 9:00 да 13:00 без выходных. Заказы даступны не толькі для Гродна, але і для Мінска. У Гродне ялінкі ў кадках будуць дастаўляць 15-31 снежня, у Мінску – 20-22 снежня.

Чытайце таксама: Што рабіць з навагодняй елкай пасля святаў? Парады эколагаў