Польшча ўвяла санкцыі супраць пастаўшчыка азотных угнаенняў ТАА “НФТ”. Кампанія зарэгістраваная ў Гродзенскім раёне і экспартавала прадукцыю падсанкцыйнага “Гродна Азот”, паведамляе Reform.news.
Фірма адпраўляла ў Польшчу прадукцыю “Гродна Азот”
Кампанію ўнеслі ў санкцыйны спіс Польшчы 29 лістапада. Вядома, што “НФТ” была зарэгістравана ў аграгарадку Капцёўка і пастаўляла ў Польшчу сумесі мачавіны і аміячнай селітры ў водным або аміячным растворы.
МУС Польшчы адзначае, што фірма экспартавала прадукцыю “Гродна Азот” – завод трапіў у санкцыйныя спісы ЕС яшчэ ў снежні 2021 года.
«Набываючы прадукцыю ў “Гродна Азот” (наўпрост ці праз пасрэднікаў) і затым экспартуючы яе, ТАА “НФТ” парушае санкцыйныя абмежаванні, якія ўключаюць забарону на імпарт і экспарт беларускіх тавараў, вырабленых санкцыянаванымі суб’ектамі, незалежна ад краіны, кампаніі або іншых абставін пасрэдніцтва. Акрамя таго, пасля ўключэння “Гродна Азот” у санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза, гэтае прадпрыемства спыніла экспарт у Польшчу. Разам з тым іншыя кампаніі (уключаючы ТАА “НФТ”) пачалі экспартаваць тавар з кодам CN 3102 80 00, пры гэтым заяўляючы Беларусь як краіну паходжання. Увядзенне абмежавальных мер у дачыненні да названага прадпрыемства будзе садзейнічаць скарачэнню эканамічных рэсурсаў Беларусі», — паведамляецца ў абгрунтаванні санкцый.
Еўрапейскія краіны дамагаюцца ўвядзення пошлін на ўгнаенні з Беларусі
Польшча дабіваецца ўвядзення пошлін на ўгнаенні з Беларусі і Расіі ў памеры 30-40%, жадаючы дапамагчы ўласнаму вытворцу Grupa Azoty.
Польшча, Літва, Латвія і Эстонія 20 лістапада накіравалі ў Еўракамісію ліст з просьбай увесці пошліны на ўгнаенні з Беларусі і Расіі на ўзроўні Еўрасаюза.


