Навіны

Даследаванне: у Расію паехала вучыцца амаль столькі ж беларускіх студэнтаў, колькі ў Польшчу

Больш за 18 000 беларускіх студэнтаў у 2023/24 годзе навучаліся ў еўрапейскіх універсітэтах. Большасць з іх — у Польшчы. Расійскія ўніверсітэты таксама прыцягваюць беларусаў - іх там амаль столькі ж, як у польскіх ВНУ. Аб гэтым стала вядома з прэзентацыі даследавання «Беларускія студэнты ў Еўропе і Расіі: трэнды адукацыйнай міграцыі» Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера».

Прэзентацыя другога выпуску маніторынгу прысутнасці беларускіх студэнтаў за мяжой прайшла 29 лістапада. Пра вынікі расказалі доктар палітычных навук і дырэктар інстытута Андрэй Казакевіч і прадстаўніца інстытута Лізавета Пракопчык. Мэтай даследавання было вызначыць дынаміку, фактары і кірункі міграцыі за апошнія 10 гадоў. У даследаванні ўлічвалі толькі студэнтаў бакалаўрыяту.

Чаго хочуць бацькі?

Даследчыкі апыталі дарослых беларусаў наконт прыярытэтных краін для адпраўкі дзяцей ва ўніверсітэты. Першае месца заняла Беларусь з вынікам 52%. Другое месца з 41% - Расія. Трэцяе месца заняла «адна з краін Заходняй Еўропы і ЗША» — 38%. У апытанні можна было выбраць некалькі варыянтаў адказу.

Вынікі апытання. Фота: PRESS CLUB BELARUS

У выніку даследавання таксама вызначылі агульную колькасць беларускіх студэнтаў у Еўропе. На 2023/24 год гэта было больш за 18 000 чалавек. За апошнія 10 год лічба толькі расла і ў выніку павялічылася амаль у два разы.

«Асаблівы імпульс да выезду студэнтаў мелі дзве падзеі: палітычны крызіс 2020 года і пачатак вайны Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе», — распавядае Андрэй Казакевіч.

Сярод краін Еўропы па колькасці студэнтаў лідзіруе Польшча (68% ад усіх студэнтаў у Еўропе ў 2022/2023). Асноўнымі адукацыйнымі кірункамі з’яўляюцца таксама Літва, Чэхія і Нямеччына. Штогод колькасць беларускіх студэнтаў за мяжой павялічваецца на 10%. А колькасць студэнтаў у Беларусі апошнія 10 гадоў у сярэднім падае на 5%.

Польшча

2017/2018 навучальны год стаў у Польшчы даволі выбухным, бо ад 20 ліпеня 2018 года прынялі Закон «Права аб вышэйшай адукацыі і навуцы». Згодна з ім кожны, хто валодае польскай мовай на ўзроўні С1, можа атрымаць адукацыю безкаштоўна. Ён пашырыў пералік замежнікаў, якія могуць атрымаць сацыяльную стыпендыю.

На 2022/2023 навучальны год колькасць беларускіх студэнтаў у Польшчы складала больш за 12 000 чалавек. Толькі за адзін (2022/2023) навучальны год у Польшчу прыехала 1600 студэнтаў з Беларусі. Сярод усіх замежных студэнтаў у Польшчы беларусы займаюць другое месца (11,3%) пасля ўкраінцаў (40,2%).

Літва

Літва была і застаецца важным напрамкам пераезду беларускіх студэнтаў. З 2020 года пачаўся чарговы рост. Зараз колькасць беларускіх студэнтаў перавышае 1500 чалавек.

У Літве беларускія студэнты займаюць таксама другое месца (15,4%) пасля студэнтаў з Украіны (19,2%). 10 год таму беларускія студэнты складалі больш за 50% ад усіх замежных студэнтаў.

Нямеччына

Як і ў Літве, пачынаючы з 2019/2020 колькасць беларускіх студэнтаў у Нямеччыне толькі расце. І гэта нягледзячы на шматлікія перашкоды для паступлення: патрабаванні наконт грошай і віз. Праўда, Нямеччына больш накіравана на студэнтаў магістратуры.

Чэхія

Тут колькасць беларускіх студэнтаў таксама робіцца большай. У 2020 годзе ўвялі абмежаванні для атрымання студэнцкіх віз для беларусаў. Але гэта асабліва не паўплывала на міграцыю менавіта туды. Колькасць беларускіх студэнтаў у Чэхіі складае больш за 1000.

Расія

Да 2022/2023 навучальнага года дынаміка была адмоўная. Але ўмовы для паступлення для беларускіх абітурыентаў палепшылі: з беларускім ЦТ можна паступаць у расійскія ўніверсітэты, беларускім студэнтам прапаноўваюць стыпендыі і квоты. У 2023/2024 у Расіі навучалася больш за 10 000 беларусаў, што параўнальна з Польшчай. У гэтую лічбу ўваходзяць студэнты, якія навучаюцца па міжнародных дамовах. У 2023/2024 годзе колькасць апошніх склала 2600 чалавек.

«Цікава, што Расія спрабуе вярнуцца да былых пазіцый і выводзіць усе гэтыя паляпшэнні. Бачна, што гэта гульня з беларусамі і пошукамі новых інтэлектуальных рэсурсаў», — кажа Лізавета Пракопчык.

Беларусь

Агульная колькасць студэнтаў штогод падае прыкладна на 5%. Але замежных студэнтаў з кожным годам усё больш.

Колькасць студэнтаў у Беларусі. Фота: PRESS CLUB BELARUS

Вынікі даследавання

Беларускія студэнты не зацікаўлены ў беларускай адукацыі, лічаць эксперты. Асноўнымі кірункамі міграцыі з’яўляюцца Польшча і Расія. Даследчыкі адзначаюць, што ўсе краіны, адзначаныя ў даследаванні, прапануюць бясплатную адукацыю на той ці іншай мове.

Чытайце таксама: «Жывеш крыху горш, чым на Мальдывах». Што студэнты думаюць пра гродзенскія інтэрнаты

Падзяліцца

Апошнія запісы

У каляндар прышчэпак Беларусі ўключылі прышчэпку ад ВПЧ

У Нацыянальны каляндар прышчэпак дадалі тры новыя вакцыны: супраць віруса папіломы чалавека (ВПЧ) для дзяўчынак,…

9 студзеня 2025

Перад выбарамі дзяржмедыя закідваюць гродзенцаў агітацыйнымі відэа

Прысвечаныя выбарам ролікі газета "Гродзенская праўда" публікуе ў сваім Telegram-канале. Звычайна героямі агітацыйных відэа становяцца…

9 студзеня 2025

Сайт Petitions.by прызналі экстрэмісцкім. Узгадваем, як гродзенцы з дапамогай яго ўплывалі на горад

Сайт "Petitions.by зручны горад", які збіраў петыцыі ад беларусаў і накіроўваў іх чыноўнікам, унеслі ў…

9 студзеня 2025

Блогер Вадзімаці распавёў, як яго прымусілі зрабіць камінг-аўт

Камінг-аўт гродзенскага блогера і былога палітвязня Вадзіма Ермашука быў гвалтоўным. Сілавікі таемна знялі сэкс Вадзімаці…

8 студзеня 2025

У цэнтры Гродна пабудуюць закрыты квартал таунхаусаў - прадаваць кватэры пачнуць ужо ў студзені

Будаўніцтва комплексу "Роял Парк" ідзе на вуліцы Камунальнай, недалёка ад стадыёна "Нёман" і Лядовага палаца.…

8 студзеня 2025

Гродзенцы распавялі, у якім раёне дакладна не купілі б кватэру

Супрацоўнікі агенцтва нерухомасці "Цэнтр жылля" пацікавіліся ў гродзенцаў, у якім раёне тыя не купілі б…

8 студзеня 2025