Гродзенская авіякампанія распрадае самалёты – на таргі выстаўлена пяць “кукурузнікаў”. Раней планавалася, што на базе гродзенскага аэрапорта створаць буйную кампанію, якая зможа канкурыраваць з “Белавія”. Аднак у апошнія гады кампанія працавала ў страту. На самалёты, выстаўленыя на аўкцыён, звярнула ўвагу Blizko.by.
Пяць самалётаў абыйдуцца ў $135 тыс.
На таргі выстаўлена пяць самалётаў кампаніі з рэгістрацыйнымі знакамі EW-62618, EW-84727, EW-43952, EW-07428, EW-33583. Усе пяць – біпланы Ан-2, так званыя “кукурузнікі”, выпушчаныя з 1973 па 1988 гады. Яны ўкамплектаваны рухавікамі і вінтамі. Лоты знаходзяцца на тэрыторыі гродзенскага аэрапорта.
Цэны на самалёты ўстаноўлены ў памеры ад 69360 да 83760 руб. Таксама за дадатковую суму – стартавая цана 47760 руб. – можна купіць яшчэ адзін рухавік АШ-62ІР.
Таргі па кожным лоце асобна адбудуцца 30 снежня 2024 года.
Хацелі канкурыраваць з “Белавія”, але ўлезлі ў даўгі
У сярэдзіне 2010-х гадоў ва ўладаў паўстала ідэя стварыць на базе авіякампаніі “Гродна” другую буйную беларускую авіякампанію. Гэта павінен быў быць лаўкостар, які складзе канкурэнцыю “Белавія” і дапаможа развіваць гродзенскі аэрапорт. У ліпені 2019 года ў Беларусі нават прынялі канцэпцыю развіцця рэгіянальных аэрапортаў.
Аднак у лістападзе 2021 года пад Іркуцкам разбіўся грузавы самалёт Ан-12 авіякампаніі “Гродна”. На борце знаходзіліся сем чалавек, у тым ліку адзін гродзенец – усе загінулі. Пасля гэтага авіякампанія “Гродна” прайграла суд Дарожнай службе Іркуцкай вобласці. Суд прызнаў яе абавязанай выплаціць 45,3 тысячы рублёў за дастаўку грузу і спецтэхнікі да месца крушэння самалёта.
З-за санкцый, накладзеных на Беларусь у 2021 годзе і Расію ў 2022, у паветранай прасторы краіны перасталі лётаць самалёты. Гродзенскі аэрапорт прастойваў.
У ліпені 2023 стала вядома, што авіякампанія распрадае свае самалёты з-за даўгоў. Згодна са справаздачай, дзейнасць кампаніі за апошнія два гады прыносіла толькі страты. А ў пачатку 2024 года авіякампанію “Гродна” рэарганізавалі і вырашылі далучыць да “Белавіа”.



