У Гродне пачаў працу мясны рэстаран MARMO на Маставой, 31. Акрамя класічных стэйкаў, тартараў і карпача, тут падаюць і незвычайныя для горада стравы. Напрыклад, марскога вожыка і вустрыц. Hrodna.life паглядзеў, у колькі абыдзецца вячэра ў новай установе.

Пельмені з мармуровай ялавічыны і грабяшкі: што прапануюць у MARMO

Афіцыйнае адкрыццё рэстарана адбылося 16 лістапада. Некаторыя гродзенцы ўжо паспелі наведаць установу і пакінулі першыя водгукі. Гараджане адзначаюць прыгожы інтэр'ер, прыемную музыку і годны сэрвіс.

MARMO спецыялізуецца на мясных стравах. Ва ўстанове ў якасці закусак прапануюць паштэт з курынай печані за 18 руб., тако з ялавічнымі хвастамі за 19 руб. і ростбіф з перачным соусам за 38 руб. Ёсць два віды карпача з тунца і ялавічыны — абодва па 25 руб.

Кошт салатаў вар'іруецца ад 20 да 28 руб., ёсць з тунцом, курыцай BBQ, ростбіфам і крэветкамі.

На гарачае прапануюць грабяшок са сметанковым гарошкам за 45 руб., ласося за 42 руб., пельмені з мармуровай ялавічыны за 25 руб. Кошт томленых свіных рэбраў - 9 руб. за 100 грам.

Пакуль у MARMO падаюць два супы на выбар — уху з ласосем і боршч з мармуровай ялавічыны. Абедзве стравы абыдуцца ў 21 руб.

Ва ўстанове падаюць стэйкі рознай ступені прасмажвання. Мяса жывёл, якіх адкормлівалі ў Беларусі, каштуе ад 17 да 23 руб. за 100 грам. Мяса расійскай вытворчасці - ад 22 да 60 руб. за такую ​​ж грамоўку.

Ёсць у MARMO і асобныя пазіцыі «з акварыума». Вустрыцы — адна штука абыдзецца ў 15 руб. і марскі вожык — 22 руб. за штуку.

Пакуль установа працуе ў тэставым рэжыме. З 18:00 да 01:00 у суботу і з 18:00 да 24:00 з нядзелі па чацвер. Пра пятніцу не кажуць.

Быў МОМО стаў MARMO — як змянялася канцэпцыя ўстановы

Першапачаткова канцэпцыя рэстарана распрацоўвалася пад назвай МОМО, але перад адкрыццём уладальнікі перайменавалі ўстанову ў MARMO.

Як паведамлялі ўладальнікі, яны хацелі даказаць, што мяса — даступны прадукт на сняданак, абед і вячэру. Свой рэстаран яны называюць «смачным і ёмістым месцам у эпіцэнтры гастранамічнага жыцця Гродна».

Чытайце таксама: Спыталіся ў дызайнера, што не так з інтэр'ерамі гродзенскіх устаноў

MARMO складаецца з двух залаў і тэрасы. Пры распрацоўцы інтэр'еру стваральнікі некалькі разоў мянялі канцэпцыю і ў выніку адмовіліся ад першапачатковых рэндараў.

Для ўстановы зрабілі handmade посуд. А яшчэ спецыяльна адшылі форму для супрацоўнікаў.