На Аўгустоўскім канале з’явіцца новы турыстычны комплекс з зонай для актыўнага адпачынку. Праект рэалізуюць у раёне вёскі Чарток, што ў двух кіламетрах ад шлюза «Дамброўка». Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце «Гроднаінвест».

На тэрыторыі турысцка-рэкрэацыйнага парка «Аўгустоўскі канал» пабудуюць двухпавярховы гасцінічны комплекс на 30 нумароў. Таксама там з’явяцца ўстанова грамадскага харчавання на 50 пасадачных месцаў і поле для гульні ў гольф. Праект прадугледжвае будаўніцтва і «іншых аб’ектаў турыстычнай інфраструктуры».

Інвестарам выступае гродзенская фірма «ЛагаБел». Яна існуе з 2022 года і спецыялізуецца на прадастаўленні жылля на кароткі тэрмін. У лістападзе «ЛагаБел» зарэгістравалася ў свабоднай эканамічнай зоне «Гроднаінвест» і стала партнёрам па развіцці Аўгустоўскага канала.

Ад СЭЗ для рэзідэнтаў парка «Аўгустоўскі канал» прадугледжаны прэферэнцыі. Напрыклад, падатак на прыбытак (на працягу пяці каляндарных гадоў), падаткі на дададзеную вартасць і на нерухомасць, размешчаную на тэрыторыі парка, складаюць 0%.