Былы палац Панятоўскага ў Панямуні зноў прадаюць. Кошт знізілі да 70,2 тыс. руб. ($ 21 тыс.) без ПДВ. За такі кошт у Гродне зараз цяжка знайсці нават старую «аднушку».
Будынак размешчаны па адрасе Прагулачная, 15/1. Агульная плошча — 271,2 кв.м. Да былога палаца дапасуецца зямельны ўчастак плошчай 0,1054 га.
Пачатковая цана былога палаца — 70,2 тыс. руб. ($ 21 тыс.). Яна ўказана без ПДВ. Звычайна плацельшчыкам ПДВ пры набыцці нерухомасці на аўкцыёне з’яўляецца пакупнік. Кошт з улікам ПДВ 20% мусіць скласці 84,24 тыс. руб.
Будынак афіцыйна празначаны для спецыялізаваных культурна-асветніцкіх імпрэз і відовішч. Падобна, яно не змянялася з часоў клуба, які быў тут ў савецкі час. Зараз будынак належыць ТАА «Гроднапрамтэхніка».
Былая сядзіба прызнаная нерухомай гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пакупнік мусіць падпісаць ахоўнае абавязацельства цягам месяца пасля продажу. Калі ён не выканае ўмоў аўкцыёну, дзяржава зможа канфіскаваць маёмасць.
Аўкцыён пройдзе 12 лістапада.
Кошт знізілі больш, чым удвая
Сядзібу ў Панямуні пабудаваў у 1771 годзе ў стылі позняга барока італьянскі архітэктар Джузэпэ Сака. Там месцілася рэзідэнцыя апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага, пазней — сядзібы шляхецкіх родаў.
Будынак быў цагляны, атынкаваны, з чатырохкалонным порцікам на высокім цокалі. Большая частка арыгінальнага будынка страчаная. На аўкцыёне прадаецца частка з невялікім фрагментам арыгінальных сцен. Да яе прыбудаваны двухпавярховы драўляны аб’ём з адрасам Прагулачная, 15. Там размешчаны жылыя кватэры.
Былую рэзідэнцыю ў Панямуні пачалі прадаваць вясной 2023 г. са стартавай цаной 374 тыс. руб. Пасля кошт паступова паніжалі. У верасні 2024 г. кошт упаў удвая і склаў 175, 5 тыс. руб.
Чытайце таксама: «Там, дзе стаялі глушылкі». Архітэктары расказалі, што пабудуюць у гродзенскай Панямуні