У раёне дома па вуліцы Паповіча, 42 у Гродне атруцілі некалькі котак з ашыйнікамі. Адзін з трупікаў ляжаў проста каля пад’езда жылога дома.

Відэа апублікавала ў Tik-Tok мясцовая зааактывістка. Паводле яе слоў, жывёлы былі прыгожыя і з ашыйнікамі. Ці сапраўды гэта былі чыесьці коткі на самавыгуле, невядома – часам людзі, якія кормяць жывёл, апранаюць ім ашыйнікі, каб засцерагчы ад службы адлову.

Гэта не было выпадковасцю, лічыць аўтарка відэа – побач ляжалі кавалкі каўбасы. “Пацукоў так не труцяць”, – растлумачыла яна.

Хто гэта зрабіў, высветліць па камерах нельга – тое месца, дзе знайшлі трупікі, не праглядаецца. Аўтарка відэа падала заяву ў міліцыю.

На момант публікацыі тэксту відэа набрала 417 каментароў і больш за 1100 лайкаў.
Каментары вельмі эмацыйныя: людзі шкадуюць катоў, праклінаюць атрутнікаў і скардзяцца на тое, што законы не працуюць. Некаторыя дапускаюць, што гэта маглі быць суседзі, мясцовыя пенсіянеры – маўляў, “старыя дамы, старыя жыхары”, ці нават ЖЭУ: “У нас закон не пісаны ім….”. Людзі не вельмі спадзяюцца на праваахоўнікаў: “На жаль, міліцыя не стане займацца такімі “дробязямі””.

“Нелюдзі, было б смяротнае пакаранне за жорсткае абыходжанне з жывёламі, уладкавалася б выконваць прысуд з задавальненнем”, – напісала адна з каментатарак. “Хто так зрабіў, няхай памрэ ў такіх жа пакутах, як гэтыя бедныя няшчасныя жывёлы”, “вельмі хочацца накарміць іх тым, што з’елі гэтыя коцікі”, “гарэць у пекле” – гэта толькі некаторыя з пажаданняў пад відэа.

Чытайце таксама: Гродзенскія коцікі разам з валанцёрамі канчаткова пераехалі: новы дом знайшлі непадалёку ад Лядовага палаца

Гэта не выключны выпадак. “У нас у двары таксама труцяць. Яшчэ котку на самае бачнае месца паклалі, на люк каля пад’езда. Пачвары. Хавалі, да гэтага часу перад вачыма 😥😥😥Такая мілая была трохкаляроўка”, – напісала адна з карыстальніц.

Чытайце таксама: Кацяня-вандроўнік праехаў праз усё Гродна ў маторным адсеку. Чым пагражае котка ў машыне і як гэтага пазбегнуць?