У Гродне ў верасні 2024 года набылі 455 кватэр – гэта самы высокі паказчык са студзеня 2023. Пры гэтым сярэдні кошт квадратнага метра знізіўся, паведамляе Realt.by. Аналіз заснаваны на дадзеных Нацыянальнага кадастравага агенцтва.

Самыя папулярныя кватэры – двухпакаёвыя

У верасні ў Гродне заключылі 455 здзелак куплі-продажу – гэта на 64,9% больш, чым у жніўні і на 71% больш, чым за аналагічны перыяд летась.

Сярод прададзеных кватэр найбольшай папулярнасцю карысталіся двухпакаёвыя – 43% ад усіх здзелак. Доля прададзеных аднапакаёвых кватэр склала 29,2%, трохпакаёвых – 25,9%.

За месяц цэны на кватэры ўпалі больш чым на 10%

Сярэдні кошт квадратнага метра ў Гродне за месяц знізіўся на 10,9% і склаў $685. Гэта на 0,6% вышэй, чым летась у верасні.

Сярэдні кошт квадратнага метра аднапакаёвых кватэр у продажы складае $727 – гэта на 14,4% менш, чым у жніўні. Метр у двухпакаёвай кватэры абыдзецца ў $681, што на 8,8% менш, чым месяц таму. Трохпакаёвыя кватэры страцілі ў кошце 7,1% і зараз іх сярэдні кошт складае $681.

Рэзкае падзенне кошту квадратнага метра ў аднапакаёўках звязана з вялікай доляй здзелак у новым гатовым доме на Фолюшы. Там прадаюцца кватэры са свабоднай планіроўкай: яны класіфікуюцца як аднапакаёвыя незалежна ад плошчы. Гэта штучна ўплывае на зніжэнне сярэдняга кошту аднапакаёўак па ўсім горадзе.