Трохпакаёвую кватэру з вялізнымі столямі і сапраўдным камінам можна купіць у доме 1913 года пабудовы. Яна размешчана ў гістарычным цэнтры Гродна — на Леніна, 15.
У кватэры традыцыйныя для старадаўніх дамоў высокія столі і прасторная кухня на 9,5 кв. м. Агульная плошча жылля — 79,3 кв. м. Унутры зроблены рамонт. Кватэру прадаюць з мэбляй і ўбудаванай бытавой тэхнікай — можна адразу засяляцца. Уваходныя дзверы металічныя, міжпакаёвыя — драўляныя, у вокнах устаўленыя шклопакеты. На сценах паклеены шпалеры, падлогі паркетныя, часткова плітка. У двух пакоях нацяжная столь. Санвузел сумешчаны, у ім усталяваныя адразу і ванна, і душавая кабінка.
Інтэр'ер аформлены ў класічным стылі 2000-х гадоў. Мэбля — драўляная і пад дрэва, з разьбянымі дэталямі, шклянымі вітрынамі, драўляныя дзверы з элементамі вітражоў.
Кватэра размешчана на першым паверсе. Ёсць магчымасць для пераводу яе ў нежылое памяшканне, адзначана ў абвестцы.
Дом цагляны, аднапавярховы з мансардным паверхам. У аб’яве аб продажы сказана, што суседзі выдатныя. Яшчэ б — з сакавіка гэтага года частку будынка займае рэстаран сушы і піцы Sushi love. Раней у гэтым доме працавалі «Аляксандраўскія пірагі». Амаль усе вокны кватэры, акрамя аднаго, выходзяць у двор на невялікі абгароджаны кветнік з газонам, шматгадовымі раслінамі і пладовымі дрэвамі. У двары — вялікая паркоўка. Суседні будынак займае бар «Гудзіні», ветклініка, рамонт тэлефонаў і офісы. Недалёка ўніверсітэт, парк Жылібера, аўта- і чыгуначныя вакзалы, школа, гімназія № 10.
Кошт кватэры $ 96 тысяч.