«Гродна Азот» змог гандляваць з Украінай нават пад санкцыямі Еўропы і ўведзенымі пасля пачатку вайны ўкраінскімі. Пастаўкі ладзілі дзякуючы кампаніі ў Дубаі, па падробленым сертыфікатам, караблямі розных краін — праз порты Расіі, Балгарыі і Румыніі. Шлях ускрыўся ў час следства. Гэта як мінімум другая схема абыхода санкцый, раней «Азот» гандляваў праз Літву.
Схему паставак беларускіх мінеральных угнаенняў ва Украіну раскрылі ў ходзе расследавання крымінальнай справы супраць украінскай кампаніі «Оскар Оптіма», якая іх туды ўвозіла і прадавала. Гэта вынікае з рашэння Шаўчэнкаўскага раённага суду Кіева, якое ёсць у распараджэнні «Радыё Свабода», піша выданне. Следства выявіла схему паставак беларускіх угнаенняў ва Украіну з падробленымі сертыфікатамі паходжання.
Угнаенні вазілі праз Балгарыю і Румынію
Прадукцыю «Гродна Азот» чыгункай адпраўлялі ў расійскі порт у Растове, адкуль перавозілі ў балгарскі порт Бургас, там фасавалі і перавозілі ў порт Русе на рацэ Дунай, таксама ў Балгарыі. Затым угнаенні накіроўвалі ў Ізмаільскі марскі порт Украіны. Сертыфікаты, з якімі прывозілі прадукцыю, сцвярджалі, што тавар паходзіў з Туркменістана, хоць там такіх угнаенняў не вырабляюць.
Адну з такіх паставак з красавіка 2023 года журналісты знайшлі з дапамогай сэрвісу ImportGenius. Пастаўка была праз дубайскую кампанію Agro Chain General Trading LLC на агульную суму $ 1,1 млн. Імпарцёрам была ўкраінская кампанія «Оскар Оптіма». Кошт гэтага кантракту не карэлюе з фінансавымі вынікамі ўкраінскай кампаніі-атрымальніцы, якую яна перадала кантрольным органам.
Беларускія ўгнаенні перамяшчалі з Балгарыі сухагрузамі White Star, Marina, Dobrich, Danimex 3, Leda, Paul P. Вясной 2023 года такім чынам ва Украіну завезлі 4900 тон прадукцыі і частку паспелі рэалізаваць. Яшчэ 4506 тон вадкіх мінеральных угнаенняў у красавіку 2023-га ў Ізмаільскі порт даставілі баржамі «627», «490» і «DDS-1». Груз быў загружаны ў порце Канстанца (Румынія).
Следчыя ва Украіне пацвердзілі, што фактычным вытворцам угнаенняў з’яўляецца «Гродна Азот», а сертыфікаты былі падробленыя. Даказаць гэта змаглі дзякуючы ліставанню аднаго з прадстаўнікоў украінскай кампаніі з грамадзянамі Турэччыны — кіраўнікамі дубайскай кампаніі Argo Chain general trading LLC.
Караблі пад рознымі сцягамі
З шасці танкераў, якія фігуруюць у справе, два зарэгістраваныя ў Баўгарыі і Румыніі. Dobrich — у горадзе Русе, дзе маглі фасаваць беларускія ўгнаенні. Ён і румынскі Danimex 3 на момант публікацыі гэтага тэксту былі ў еўрапейскіх водах. Leda ходзіць пад сцягам Астравоў Кука і ў час публікацыі знаходзіўся ў Азоўскім моры. White Star ходзіць пад сцягам Маршальскіх астравоў, прызначаны для перавозкі асфальту і бітуму. Прыналежнасць Marina не вызначана дакладна. Караблі з такой назвай ходзяць пад сцягамі розных краін — Тога, Ліберыя, Танзанія. Апошні да вайны перавозіў звадкаваны газ з Турэччыны ў Адэсу. Paul P ходзіць пад рознымі сцягамі, у тым ліку Германіі і Партугаліі, але ніводнага карабля, звязанага з Украінай, не знайшлі.
Шэраг некалькіх еўрапейскіх краін, у тым ліку Партугалія, Францыя, і Нідэрланды ў лютым 2023 года падтрымалі прапанову аб зняцці санкцый з беларускіх угнаенняў.
Што вядома пра адпраўніка і атрымальніка
Кампанія-адпраўнік Agro Chain General Trading не мае сайта ці старонак у сацыяльных сетках, звестак у адкрытых крыніцах мінімум, а з кантактаў пазначаны толькі нумар тэлефона. Падчас паставак ва Украіну яна была зарэгістраваная ў офісе ў бізнэс-цэнтры Sultan у Дубаі, а цяпер займае два офісы ў Prime Tower.
Паводле звестак tradeindata.com, у 2021−2023 гадах кампанія здзейсніла 12 паставак «хімічнай прадукцыі» агульнай вагой 318 477 тон. Найбольшыя пастаўкі адбыліся вясной і восенню 2023 года. У кастрычніку 2023 адбылося значнае падзенне аб’ёмаў. Сярод партнёраў кампаніі, акрамя ўкраінскіх, ёсць кампаніі з Кітая і Індыі.
Кампанія-пакупнік «Оскар Оптіма», заснаваная ў 2019 годзе ў Харкаве, спачатку займалася гандлем будаўнічымі матэрыяламі і тытунём. У 2022 годзе яна спыніла дзейнасць, але аднавіла яе ў 2023 годзе, пераключыўшыся на аптовы гандаль хімічнымі прадуктамі. Харкаў - места рэгістрацыі кампаніі - зараз знаходзіцца пад штодзённымі абстрэламі Расіі. Дазваніцца ў кампанію журналісты не змаглі.
Вывучаючы пастаўкі ўгнаенняў з Узбекістану, Азербайджану, Казахстану і Грузіі праз Румынію ці Балгарыю і Турэччыну, украінскія эксперты раней не маглі вызначыць канкрэтную крыніцу паходжання. Але яны пацвярджалі, што гэта Беларусь або Расія, магчыма, прадукцыю змешвалі падчас фасавання ў Расіі. Тое, што вырабнік — «Гродна Азот», вызначылі ўпершыню.
Крымінальную справу распачалі раней, чым скончылі пастаўкі
Следства па справе вядзецца яшчэ з 23 сакавіка 2023 года па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса Украіны, у тым ліку за фінансаванне дзеянняў, накіраваных на гвалтоўнае зрынанне канстытуцыйнага ладу, падробку дакументаў, ухіленне ад падаткаў, легалізацыю маёмасці, атрыманай злачынным шляхам, і калабарацыйную дзейнасць.
Максімальнае пакаранне за гэтыя злачынствы ва Украіне можа складаць да 12 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займацца пэўнымі відамі дзейнасці.
Справа расследуецца Галоўным следчым упраўленнем Службы бяспекі Украіны пад працэсуальным кіраўніцтвам Офіса генеральнага пракурора.
Як жыве «Азот» пад санкцыямі
«Гродна Азот» — адзіны вытворца карбаміду ў Беларусі. Прадпрыемства «Гродна Азот» патрапіла пад санкцыі ЗША у красавіку 2021 года. У жніўні пад амерыканскія санкцыі патрапіў дырэктар «Гродна Азот» Ігар Ляшэнка. У снежні 2021 года прадпрыемства патрапіла ў пяты пакет санкцыій Еўрасаюза за звальненне супрацоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах пасля выбараў 2020 года. «Гродна Азот» назвалі крыніцай значных даходаў для рэжыму Лукашэнкі і абвінавацілі ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасці. Такія ж санкцыі ўведзеныя і супраць «Беларуськалія».
Чытайце таксама: Кіберпартызаны атакавалі «Гродна Азот». Яны выдаляюць дадзеныя, пакуль не вызваляць палітвязняў
Украіна, пасля падтрымкі Лукашэнкам расійскага ўварвання, таксама ўвяла санкцыі супраць «Гродна Азот». Да гэтага ён быў для яе найбуйнейшым пастаўніком угнаенняў. Паводле ўкраінскай статыстыкі, гандаль з Беларуссю спыніўся праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны ў 2022 годзе. Адначасова ва Украіне працягваюць заводзіць крымінальныя і адміністрацыйныя справы па пастаўках прадукцыі з Беларусі. Украіна не ўводзіла поўнай забароны на гандаль з Беларуссю, але забараніла купляць беларускія тавары за сродкі дзяржбюджэту.
Чытайце таксама: «Гродна Азот» хацеў адмяніць санкцыі праз Еўрапейскі суд. Не атрымалася
У студзені 2022 года «Гродна Азот» накіраваў зварот супраць санкцый у прадстаўніцтва Міжнароднай арганізацыі працы для краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Маскву і ліст у генеральны секратарыят Еўрасаюза па пытанні санкцый. Таксама ў 2022 годзе прадпрыемствы «Гродна Азот» і «Хімвалакно» спрабавалі адмяніць санкцыі праз Еўрапейскі суд. Але там не падтрымалі пазоў і не адмянілі абмежаванні.
У 2023 годзе ўскрылася схема, па якой «Гродна Азот» абыходзіў санкцыі праз літоўскі бізнес і Дубай.