На Смаргонскім агрэгатным заводзе, які ўваходзіць у склад «МТЗ-Холдынг», запускаюць вытворчасць серыі газонакасілак BELARUS 131ГС. Да канца 2024 года плануюць выпусціць першую сотню. Гэта імпартазамяшчальны прадукт, падкрэслілі на заводзе.

Тэхніка з Смаргоні адпавядае тэхнічным рэгламентам, атрымала сертыфікаты ў Беларусі і ў Расіі, расказаў намеснік галоўнага інжынера па падрыхтоўцы вытворчасці і новай тэхніцы, начальнік канструктарскага аддзела ААТ «САЗ» Дзмітрый Чыжэўскі для «Трактор.бел».

Пакуль вырабілі 15 беларускіх газонакасілак, хаця на пачатку года на заводзе рыхтаваліся прадаць арганізацыям ЖКГ каля 40 машын ужо вясной.

Пакуль газонакасілкі збіраюцца прадаваць у Беларусі і Расіі. Першапачаткова працоўная назва машыны была «Мядзведзь».

Беларуская газонакасілка з кітайскім рухавіком

Машына смаргонскага завода арыентавана на пакос у дварах і парках. Беларуская газонакасілка — з гідрамеханічнай трансмісіяй, працуе на бензінавым рухавіку RATO на 15 л. с. ад кітайскай кампаніі. Прадукцыйнасць — 0,5 га/ч. Пад дэкай шырынёй 1 м устаноўлены тры нажы. Ёсць два рэжымы функцыянавання: працоўны, у якім яна рухаецца з хуткасцю 2−7 км/г, і транспартны — 7−10 км/г. Узроўняў касьбы чатыры: 40, 50, 70 і 90 мм. Іх можна рэгуляваць з дапамогай асобнага рычага. Рэжучы апарат можа працаваць у рэжымах мульчавання і скіду травы ў бок.

Першы ўзор быў выраблены ў канцы 2023 года і праходзіў выпрабаванні ў «Мінскзелянбудзе». Пасля гэтага ў газонакасілцы павялічылі ёмістасць бака і памянялі ход дэкі. Вытворца планаваў, што айчынныя газонакасілкі будуць таннейшыя за замежныя аналагі, але не будуць саступаць ім па якасці і магчымасцях.

Зараз газонакасілку экспануюць на міжнароднай спецыялізаванай выставе сельгастэхнікі «АГРАСАЛОН» у Маскве, да 11 кастрычніка.

Чытайце таксама: Вуліцы Гродна пачнуць рамантаваць хутчэй — купілі тэхніку, якую раней бралі ў арэнду