Валанцёры грамадскай арганізацыі «Адданае сэрца» канчаткова пераехалі на новае месца. Цяпер прытулак для катоў знаходзіцца ў памяшканні непадалёк ад цэнтра горада. Валанцёры просяць гродзенцаў больш не прыносіць жывёлаў да былога доміка на Фолюшы — зусім хутка там пачнецца будаўніцтва і жывёлы могуць пацярпець.
Новы домік знаходзіцца каля Лядовага палаца
Валанцёры падзякавалі неабыякавым гродзенцам за дапамогу ў пераездзе і адзначылі, што гараджане — неверагодныя. Адрас новага доміка пакуль не раскрываюць, але адзначаюць, што ён знаходзіцца непадалёк ад Лядовага палаца.
Падкідваць жывёл да былога доміка не варта — яны могуць загінуць
Валанцёры звяртаюць увагу гродзенцаў на тое, што доміка для катоў на Фолюшы больш няма. Яны просяць гараджан не падкідваць жывёл да былога прытулку. «У самым хуткім часе вакол яго разгарнецца будпляцоўка — яна будзе агароджана плотам. Будпляцоўка — гэта тэхніка, работнікі, механізмы. Жывёлы проста загінуць», — паведамляюць валанцёры.
Чытайце таксама:
- Як валанцёры некалькі гадоў стваралі домік на Фолюшы для падапечных, а пасля даведаліся аб высяленні
- Валанцёры просяць дапамогі ў гродзенцаў для аплаты арэнды новага доміка
Акрамя таго, будынак былога доміка на Фолюшы ўжо набыў іншы ўладальнік і рыхтуе яго да рэканструкцыі, таму валанцёры не маюць права заходзіць у памяшканне.
Валанцёры раяць людзям «спыніць кругаварот бяздомных смяротнікаў» і пачаць карыстацца простымі правіламі. Кастрыраваць хатніх катоў, а інфармацыю пра бяздомных жывёл размяшчаць на анлайн-пляцоўках кшталту «Куфар». «Гэта не зойме шмат часу, і будзе ўчынкам дарослага чалавека, які нясе адказнасць», — дадаюць валанцёры.