Камітэт дзяржкантролю праверыў салон прыгажосці ў Гродне і знайшоў утойванне выручкі, ухіленне ад выплаты падаткаў і выплату зарплаты «ў канвертах». На кіраўніка завялі крымінальную справу.
Наяўныя грошы, якімі расплачваліся кліенты, не адлюстроўваліся ў афіцыйным уліку, паведамілі ў КДК. Кіраўнік плаціў імі заробкі «ў канвертах» работнікам і выдаткоўваў на асабістыя выдаткі.
Сума ўтоенай ад падаткаў выручкі склала больш за 400 тыс. рублёў ($ 123 тыс.), падлічылі ва Упраўленні дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК па Гродзенскай вобласці. З шэрых заробкаў працаўнікоў не заплацілі адлічэнні больш чым на 50 тыс. рублёў.
На кіраўніка салона завялі крымінальную справу.
Пра які салон можа ісці гаворка?
Мяркуючы па фатаграфіях, апублікаваных КДК, сітуацыя тычыцца вядомага гродзенскага салона MakeUpLab на вуліцы Замкавай. Раней ён працаваў на Падольнай.
Яго стваральніца — візажыстка і блогерка Кацярына Казакевіч, вядомая ў Гродне бізнес-лэдзі, маці дваіх дзяцей, уладальніца брэнда доглядавай касметыкі і пігментаў ЕК. Жанчына пазіцыянуе сябе як б’юці-настаўніка, у Instagram у яе 45,9 тысяч падпісантаў. У 2021 годзе яна патрапіла ў спіс 30 паспяховых жанчын Беларусі прэміі Forbes Woman Awards Belarus 30.
У 2020 годзе здымкі з неакуратнай паркоўкай яе Range Rover у розных месцах горада абурылі гродзенцаў. Тады яна запісала відэа-адказ, у якім прызнала віну за няправільную паркоўку, але асудзіла аўтара здымкаў, і патлумачыла, што ёй не хапае парковачных месцаў каля салона.
Дзяржорганы звярнулі на яе ўвагу з іншай прычыны. Улетку 2023 года Казакевіч расказала ў сацсетках, што праверка яе салона доўжыцца ўжо чатыры месяцы. «Чаму я? Таму, што першая! Ва ўсім і заўсёды! Кагосьці гэта натхняе, кагосьці злуе і ятрыць…», — напісала яна.
Увесну 2024 года Казакевіч аштрафавалі на 30 базавых велічыняў (1200 руб.) за падпіску на старонку Hrodna.life ВКонтакте, на той момант ужо прызнаную «экстрэмісцкай». У сваіх сацсетках блогерка патлумачыла, што падпісалася на паблік у 2017 годзе, і тады ён называўся інакш. Яна абурылася, што ў 2020 наадварот, абараняла жонак сілавікоў ад ціску грамадства, і параіла ўсім «прагледзець усе падпіскі, бо вы можаце стаць закладнікамі свайго не ведання і хітрыкаў экстрэмісцкіх рухаў» і «або выдаліць нафіг наогул усе падпіскі на групы, або адсочваць заканадаўчую сістэму на гэтую тэму».
І ў Google, і на Yandex.Картах у салона досыць высокі рэйтынг — 4,9, шмат добрых водгукаў, але ёсць і негатыўныя.