Нападаючы футбольнага “Нёмана” Ягор Зубовіч прывёз кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску. Гэта стала працягам апублікаванага ім раней “пакаяннага” відэа. Усё таму, што ў час гульні з дасады, выкліканай рашэннем трэнера, пнуў шчыт з надпісам “80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков” на стадыёне.
29 верасня «Нёман» у Гродне гуляў з камандай «Славія» (Мазыр) ў 23-м туры чэмпіянату Беларусі. На 63-й хвіліне матча галоўны трэнер “Нёмана” Ігар Кавалевіч вырашыў памяняць форварда Ягора Зубовіча на Леанарда Гвета. Зубовіч раззлаваўся і, сыходзячы з поля, ударыў нагой па шчыце з банерам «80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков». У шчыце ўтварылася дзірка. Эпізод трапіў на тэлебачанне.
Відэа з прабачэннямі каля Вечнага агня апублікавала выданне “Трыбуна”. “Частка трэцяя, цырыманіяльная”, – пракаментавала выданне.
Да гэтага, на наступны дзень пасля матча, Зубовіч апублікаваў відэа ў сваім Instagram з прабачэннямі за ўчынак і абяцаннем паставіць новы банер.
«Наконт інцыдэнту, які адбыўся ўчора пасля маёй замены ў матчы са «Славіяй». Я ў парыве эмоцый ударыў па шчыце і разбіў яго. А ў раздзявальні ўжо даведаўся, які надпіс на ім. Я ні ў якім разе не хацеў апаганіць памяць воінаў-вызваліцеляў. Для мяне і для маёй сям’і Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці, то бок дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – гэта адны з галоўных святаў. Мае прабабуля і прадзядуля ваявалі. Я шчыра прашу прабачэння ва ўсіх, каго мог пакрыўдзіць мой учынак. Абавязуюся аднавіць гэты банер і паставіць новы. Яшчэ раз шчыра прашу прабачэння», – сказаў ён у відэа.
Паводле звестак “Трыбуны”, гульца не выклікалі ў гродзенскія сілавыя структуры. Імаверна, відэа ён запісаў прафілактычна.
Ягор Зубовіч – майстар спорту міжнароднага класа. Яму 35 гадоў, ён паходзіць з Узды. У футболе з 2005 года, першая каманда – мінскі «Тарпеда-СКА», пасля змяніў некалькі каманд. За “Нёман” першы раз гуляў у 2013 годзе. У лютым 2021 года другі раз прыехаў у Гродна і падпісаў з “Нёманам” гадавы кантракт.



