Гродзенец Кірыл Мішын збірае заплечнікі, абутак, ледарубы, значкі і посуд, якімі карысталіся савецкія турысты і геолагі. Ён знаходзіць іх на інтэрнэт-пляцоўках кшталту “Куфара”, выкупае, а ў хуткім часе плануе адкрыць музей турызму. З пошукам памяшкання пад выставу яму дапамагае агратурыстычны комплекс “Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”», дзе гродзенец працуе. Пра ініцыятыву Кірыла піша «Вячэрні Гродна».
Пачынаў калекцыю з рэчмяшка і плашч-намёта
Першымі ў калекцыі Кірыла сталі рэчавы мяшок і плашч-намёт. А крыху пазней сябры падарылі яму пляшку, зробленую на северадзвінскім заводзе “Севмаш”. У народзе яе называлі “шыльніцай”, таму што дастаць яе можна было ў рабочых за “шыла” – прыдатны да ўжывання спірт.
— «Шыльніцамі» карысталіся і паляўнічыя, і грыбнікі, і рыбакі, і рабочыя, і вайскоўцы – памер пляшкі ідэальна падыходзіў пад унутраную кішэню афіцэрскага шыняля, – распавядае Кірыл.
Значок беларускай антарктычнай экспедыцыі – самы каштоўны ў калекцыі
Гродзенец збірае і значкі. Сярод калекцыянераў яны, магчыма, і не маюць высокага кошту. Але за кожным з іх стаіць багатая гісторыя, лічыць Кірыл.
— «Турыст СССР» — значок і значок, але, каб яго атрымаць, людзі праходзілі сотні кіламетраў. Кошт гэтага прадмету: пот і сцёртыя да крыві ногі, і ніяк інакш. Для чалавека гэта было асаблівае дасягненне, якім ён вельмі ганарыўся, – дадае мужчына.
Самым каштоўным экспанатам у сваёй калекцыі Кірыл лічыць значок беларускай антарктычнай экспедыцыі.
Чытайце таксама: Што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце


Карыстацца савецкай экіпіроўкай сучасным турыстам не мае сэнсу
Таксама ў будучую экспазіцыю ўвойдзе турыстычны рыштунак: заплечнікі, абутак, палаткі і посуд. Усё гэта Кірыл шукае на інтэрнэт-пляцоўках і выкупляе.
— Ніякай амуніцыі для такіх экспедыцый не было, таму людзі здзяйснялі подзвіг, выкарыстоўваючы самае прымітыўнае абсталяванне. Бяспека ў паходзе залежыць ад якасці экіпіроўкі, але ў савецкія часы людзі рукамі перараблялі пад сябе рэчы, і рабілі іх больш зручнымі.
Пры гэтым выкарыстоўваць савецкую экіпіроўку сучасным турыстам “не мае сэнсу”, адзначае Кірыл. Напрыклад, сярэдні заплечнік савецкага альпініста важыў 30 кг, сёння верхняя мяжа турыстаў – 10-12 кг. Тое ж самае і з намётамі. Калі раней спальны мяшок важыў каля двух кг, то сучасны – не больш за адзін.

Самы дарагі экспанат – французскі заплечнік
У калекцыі Кірыла ёсць брызентавы заплечнік французскай фірмы Millet, які выпусцілі да 1964 года – гэта самы дарагі экспанат будучага музея турызму.
– Вядомы італьянскі альпініст Вальтэр Банаці на сваім вопыце падказваў вытворцам, які заплечнік лепш зрабіць. У выніку Millet стварылі каркасны заплечнік, – адзначае Кірыл.
Памяшканне для музея ўжо шукаюць
Кірыл працуе ў агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак “Каробчыцы”». Ён прапанаваў свайму кіраўніцтву адкрыць на тэрыторыі музей турызму і гэтую ідэю падтрымалі.
Зараз ужо шукаюць памяшканне для будучай экспазіцыі.



