Былы палітвязень і блогер Вадзім Ермашук уладкаваўся працаваць у краму жаночага адзення на рынку «Карона». Раней ён спрабаваў знайсці працу праз Цэнтр занятасці - яму прапаноўвалі цяжкую фізічную працу, якой пасля аперацый Вадзім не можа зарабляць.
Рэдакцыя Hrodna.life зрабіла матэрыял на адкрытых крыніцах і не звязвалася для яго з самім блогерам. Мы зрабілі яго, каб паказаць, з чым сутыкаецца былы палітвязень, які застаецца ў Беларусі.
Вадзім працуе ў краме Street Style на рынку «Карона». Ён кліча да сябе па пакупкі жанчын усіх узростаў. «Хачу ўжо ўключыць гэтага стыліста. Fashion is my profession. Дзяўчынкі, буду вельмі рады вас бачыць», — сказаў ён. Да затрымання ён працаваў на тым жа рынку, але ў іншым павільёне. Яго закрылі.
Пасля вызвалення Вадзім правёў шмат часу на бальнічных. Ён падаў заяву на дапамогу ў сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам. Паводле яго, яму павінны даць 200−250 рублёў. Блогер збіраўся выдаткаваць іх на лячэнне зубоў пасля калоніі.
У Цэнтры занятасці ж яму прапаноўвалі працу ў заапарку: па выразе Вадзіма — «гауно вазіць». Улічваючы, што мужчына перанёс некалькі аперацый праз анкалогію, такая праца яму не пасуе. Таксама Вадзім павінен адзначацца ў мясцовым РАУС як адбылы пакаранне. Улады прымусілі яго здаць пэўную колькасць макулатуры. Ермашук здаў, а пасля распавёў у сторыс, колькі грошай за гэта атрымаў — яму хапіла на цыгарэты і некалькі сасісак.
Вяртанне да блогінгу
Перыядычна ў блогера ёсць згадкі мясцовага бізнэсу — магчыма, гэта рэклама. Сам ён прызнаецца, што перастаў разумець Instagram пасля таго, як не карыстаўся ім тры гады.
«Я, напэўна, нейкі калгаснік стаў у Instagram або што. Я проста паказваю сябе, паказваю, як я жыву, чым я займаюся. А цяпер, я гляджу, нейкія там модныя трэнды. Модныя там усе, такія нейкія відзюшкі пілуюць. Але я не бачу там людзей. Я бачу там нейкіх робатаў, якія паўтараюць за кімсьці нешта. А чаму мы ўсе гонімся за нейкімі трэндамі? Гэта тыпу лайкі набраць ці што? Усё ж такі, мне здаецца, Instagram створаны, каб рэалізаваць чалавека, паказаць яго магчымасці, якасці і здольнасці. І галоўнае, каб чалавека цікава было глядзець, а не задаваны трэнд кімсьці».
Таксама ён сказаў, што не можа весяліцца і скакаць, пакуль яму балюча «ад многага, што адбываецца». А «бесіць» яго паспяховасць на «паказуху» — коучы, бізнесмены.
Таксама Вадзім распавёў, што іншыя гродзенскія блогеры яго пазбягаюць. Ён назваў пяць імёнаў. «Што я гэтым блогерам нашым гродзенскім зрабіў? Так раней быццам бы сябравалі, а цяпер проста бягуць ад мяне. Баяцца мяне».
Але ёсць і тыя, хто мае зносіны з Вадзімам і дапамагае яму. «Людзі паказваюць сябе з такога боку. Вы паверце, калі б з кім-небудзь з нашай тусоўкі — у нас было 10 чалавек — што-небудзь здарылася, я б жопу рваў. <…> А так, бачыце, яны хуценька пераабуваюцца. Але людзі заўсёды ўмеюць пераабувацца. Паглядзіце, будзе час, калі ўсе будуць пераабувацца, я ў гэтым упэўнены».
Чытайце таксама: Блогер Vadimati з Гродна выйшаў на волю