У Беластоку прапанавалі змяніць герб. Цяперашні, з польскім Арлом і літоўскай Пагоняй, лічыцца несумяшчальным з правіламі геральдыкі, а яго карані сягаюць часоў расійскага панавання. Горад хоча вярнуцца да герба 1749 года, які надаў кароль Аўгуст III.
«Праблема не ў гербе, а ў геральдычнай камісіі [пры Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі - Hrodna.life]. Яны лічаць наш герб царскім, хоць ён быў зацверджаны пасля дэмакратычных змен у Польшчы [пасля 1989 года — Hrodna.life]. Цяпер мы хочам вынесці гэты пытанне на абмеркаванне і паглядзець, ці згодзяцца чальцы гарадской рады на змену», — расказаў «Kurier Poranny» прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Герб Беластока з Арлом і Пагоняй зацвердзілі ў 1996 годзе. З таго часу спецыялісты выказвалі сумненні ў яго адпаведнасці правілам геральдыкі і гістарычнай традыцыі. Падчас спроб зацвярджэння якіх-небудзь узнагарод з гэтым гербам міністэрская геральдычная камісія адхіляла праекты. Таму прынята рашэнне вярнуцца да герба часоў Яна Клеменса Браніцкага, які не выклікае пярэчанняў.
Геральдычная камісія нагадвае, што цяперашні герб адсылае да традыцый расійскага панавання. Такі герб надалі ў 1809 годзе Беластоцкай вобласці, а ў 1882 годзе цар Аляксандр III надаў яго гораду. Міністэрская камісія лічыць, што горад мусіць вярнуцца да герба, які быў нададзены Аўгустам III у 1749 годзе. Такім чынам «царскі» герб павінен быць заменены «саксонскім».
На «саксонскім» гербе Беластока быў адлюстраваны срэбны (белы) грыфон з залаціста-жоўтымі дзюбай і пярэднімі лапамі з манаграмай JKB у чырвонай вобласці шчыта пад залатой каронай. JKB азначала Ян Клеменс Браніцкі. Гэта быў магнат, які ўсё жыццё быў звязаны з Беластокам.
План прадугледжвае, што калі гарадская рада згадзіцца на змену, будзе распрацаваны новы праект, які затым трапіць у геральдычную камісію. Калі герб зацвердзяць, горад увядзе яго паступова, каб мінімізаваць выдаткі.
Ініцыятыву змяніць герб Беластока ўжо спрабавалі распачаць у 2012 і 2018 гадах. Але тады гарадская рада гэтую ідэю не падтрымала.