Фермерская гаспадарка знаходзіцца ў вёсцы Пальніца, што ў 23 кіламетрах ад Гродна. Гаспадарка дзейнічае — зараз там расце больш за 10 тыс. кустоў дурніц, а на ўчастку агульнай плошчай 185,7 кв.м. ёсць збудаванні. Інфармацыя аб продажы з’явілася на сайце агенцтва нерухомасці «Цэнтр жылля».
Бізнес знаходзіцца ў Гожскім сельсавеце і мае пад’язны шлях з боку трасы Р42, якая злучае вёску Пальніца з Гроднам. У аб’яве пазначаецца, што прадпрыемства працуе паспяхова і мае арганізаваны збыт прадукцыі.
Участак плошчай 3,72 га займаюць кусты дурніц — агулам іх 10 тыс. Частку з іх высадзілі ў 2010 годзе, наступную ў 2019. Гаспадары адзначаюць, што пры вырошчванні ягад не выкарыстоўваліся ядахімікаты, а прымяняліся якасныя мінеральныя ўгнаенні сусветных вытворцаў.


На ўчастку плошчай 14,85 сотак знаходзяцца пабудовы. Сярод іх блочны будынак дапаможнага прызначэння, а таксама гаспадарчы блок. Разам з участкамі прадаюць два трактары, два прыцэпы і шасцігадовы запас трэскі для мульчавання (пакрыцця глебы для яе абароны і паляпшэння якасці).
Фермерскую гаспадарку ацанілі ў 767 664 руб. ($ 234 тыс.).