Неспадзяваная сустрэча адбылася ў Варшаве падчас медыя-форуму Wisla Video Forum. Гродзенка Аляксандра Ханевіч выпадкова высветліла, што журналістка BBC Таццяна Януцэвіч — яе пляменніца. Пра падзею жанчыны распавялі ў Instagram-aкаўнце беларускага Прэс-клуба.
«Увесь ранак у слязах радасці»
Блогерка Аляксандра Ханевіч вырашыла наведаць форум для беларускіх журналістаў, які прайшоў 13−14 верасня ў Варшаве. Там у яе завязалася размова з журналісткай BBC Таццянай Януцэвіч. Аказалася, што Таццяна таксама з Гродна.
«А ў мяне сваякі Януцэвічы. Я пытаюся: а дзе вы жылі? І аказалася, што гэта мая далёкая пляменніца. Расчуліла мяне да слёз», — распавяла Аляксандра.
Таццяна дадала, што сітуацыя «неверагодна кранальная». Па словах жанчын, яны ўвесь дзень згадвалі сваякоў і гродзенскія вуліцы. «Быццам бы шпацыруем па іх у тыя часы. Увесь ранак у слязах, але ў слязах радасці, канешне», — адзначыла Таццяна.
Па тэме: Іншая гісторыя Аляксандры Ханевіч, якую не чуў нават Юрый Дудзь
Чым вядома Аляксандра Ханевіч
Аляксандра Ханевіч — 72-гадовая блогерка, якая вымушана пакінула Беларусь у 2021 годзе пасля ўдзелу ў пратэстах. Зараз у гродзенкі ёсць уласны YouTube-канал, у якім яна распавядае аб жыцці ў Польшчы.
У 2023 годзе Аляксандра паехала да сяброў у Ізраіль. Але замест адпачынку сустрэла пачатак вайны паміж Ізраілем і рухам ХАМАС. Тады блогерку эвакуявалі праз Кіпр і Аўстрыю.