Новую сумесную паштовую марку Беларусі і Ватыкана выпусцяць у абарачэнне 16 верасня. На ёй адлюстраваны абраз Маці Божай Кангрэгацкай (Студэнцкай), які захоўваецца ў гродзенскім Фарным касцёле. Католікі лічаць яго цудатворным. Выпуск маркі прымеркаваны да 360-годдзя абраза.
Тыраж маркі ў Беларусі — 42 000 экзэмпляраў
У Беларусі марку друкавалі ў Бабруйскай узбуйненай друкарні — яна выйшла тыражом у 42 тысячы. Гэта поўнакаляровая марка з наміналам, роўным тарыфу на перасылку міжнароднай простай пісьмовай прыярытэтнай карэспандэнцыі масай да 20 г, паведаміў інфармацыйны лісток Белпошты.
Гашэнне адмысловым штэмпелем на канверце «Першы дзень» адбудзецца 16 верасня ў гродзенскім Доме сувязі (паштовае аддзяленне № 25).
Ватыканскую версію маркі друкавалі ў Францыі
Для Ватыкана гэтую марку наміналам 1,30 еўра надрукавалі ў французскай друкарні Cantor накладам 99 тысяч асобнікаў. Спецыяльнае гашэнне круглым спецштэмпелем з адпаведнымі дызайнам і надпісам будзе праводзіцца 16 і 17 верасня ў ватыканскім паштовым аддзяленні Arco delle Campane.
Сёлета абразу ў гродзенскім касцёле — 360 гадоў
Абраз з кафедральнага касцёла Святога Францыска Ксаверыя ў Гродне з’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з рымскай базылікі Санта Марыя Маджорэ. Яе перадалі ў драўляны езуіцкі касцёл Пятра і Паўла ў Гродне 360 гадоў таму — у 1664 годзе. Сёння абраз лічыцца галоўнай святыняй гродзенскіх католікаў. Выпуск маркі прымеркаваны да 360-годдзя абраза.
Сёлета да юбілею святыні ў Фарным касцёле пасля двух гадоў рамонту адкрылі адноўлены арган.