Па стане на вечар 4 верасня ў гродзенскіх кінатэатрах не прадалі ніводнага квітка на прэм’еру фільма “Культурный код”. Яго паказваюць у кінатэатрах “Космас”, “Чырвоная зорка” і “Кастрычнік”. Прэм’ера пройдзе 5 верасня.

На наступныя дні таксама няма браняванняў.

Па сюжэце фільма «Культурный код» двое маладых студэнтаў выпускнога курса акадэміі мастацтваў: Ваня – аператар і Ліза – рэжысёр тэлебачання, атрымліваюць ад майстра курса творчае заданне зняць у якасці дыпломнай працы дакументальны фільм пра дзяржаўныя сімвалы Беларусі.

“Съёмка дипломного проекта оборачивается захватывающим и познавательным приключением для молодых героев, в одном из эпизодов фильма герои участвуют в автопробеге ко Дню Независимости республики на раритетном автомобиле, участвуют в акции «Споём гимн вместе», посещают музеи и знакомятся с интересными экспертами-собеседниками”, – можна прачытаць у афіцыйным апісанні фільма.

Фільм ідзе 36 хвілін. Яго называюць “дакументальным” і “сямейным”. Рэжысёр – Кірыл Халецкі.

Плакат фильма "Культурный код".
Плакат фільма “Культурный код”. Фота: kinoteatr.megamag.by/

У 2023 годзе на прэм’ерны паказ фільма “На другом берагу” пра цяжкае жыццё беларусаў пад Польшчай выкуплялі ўсе квіткі. А вось на другі дзень ужо не было зацікаўленых у праглядзе. Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў размове з Hrodna.life звязваў гэтыя дзівацтвы з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу.

UPD 5 верасня. Як мінімум у адным кінатэатры цалкам выкупілі тры шэрагу месцаў.

Выкупленыя месцы ў кінатэатры. Скрыншот Hrodna.life
Выкупленыя месцы ў кінатэатры. Скрыншот Hrodna.life