Справу аб прапагандзе нацызму за надпіс «Жыве Беларусь!» у дачыненні да музея сучаснага мастацтва «Эрарта» ў Санкт-Пецярбургу спынілі. Надпіс пад карцінай гродзенскага мастака Сяргея Грыневіча быў там з 2020 года, але ўвагу прыцягнуў толькі ў 2024 — музей хацелі аштрафаваць.

Інфармацыя пра спыненне справы з’явілася ў канале прэс-службы пецярбургскіх судоў 21 жніўня. Матэрыялы справы аб адміністрацыйным парушэнні супраць музея паводле ч.1 ст. 20.3 КаАП РФ (прапаганда або публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі або сімволікі, або атрыбутыкі або сімволікі экстрэмісцкіх арганізацый, або іншых атрыбутыкі або сімволікі, прапаганда або публічнае дэманстраванне якіх забаронена федэральнымі законамі) перадалі ў Васілевостраўскі раённы суд у ліпені 2024 года. Музею пагражаў штраф да 50 тысяч расійскіх рублёў (каля 1800 беларускіх). Справу спынілі з прычыны заканчэння тэрміну даўнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці, піша «Радыё Свабода» са спасылкай на РБК.

Надпіс «Жыве Беларусь!» чырвонага колеру на сцяне пад карцінай «Фестываль» гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча быў зроблены ў 2020 годзе з ініцыятывы музея. Сама карціна экспанавалася там з 2015 года. Паводле пратакола, 6 траўня 2024 года надпіс заўважылі - і спачатку расцанілі як публічнае дэманстраванне нацысцкай атрыбутыкі ці сімволікі. Эксперты вырашылі, што лозунг быў сімвалам 13 Беларускага паліцэйскага батальёна пры СД і 30 грэнадзёрскай (пяхотнай дывізіі) Вафен-СС, нароўні з нацысцкім партыйным прывітаннем.

Як у Беларусі забаранілі казаць «Жыве Беларусь!» і чаму гэта маніпуляцыя

Выгук «Жыве Беларусь» і водгук «Жыве» быў унесены ў «Пералік нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі» паводле пастановы МУС Беларусі ад 28 кастрычніка 2022 года (апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале). У апісанні сказана, што гэта было вітанне беларускіх калабарацыяністаў нароўні з нацысцкім партыйным прывітаннем «Хайль Гітлер» і суправаджался ўзняццем правай рукі з распрастанай далонню. Ці лічацца нацысцкімі выгук «Жыве Беларусь» і адказ на яго без жэставага суправаджэння або адпаведны надпіс — неўдакладнена. Пакараннем можа стаць штраф, арышт, абмежаванне волі да трох гадоў або пазбаўленне волі да чатырох гадоў.

Аўтарам лозунгу «Жыве Беларусь» лічаць беларускага класіка Янку Купалу. Фраза сустракаецца ў яго вершы 1907 года «Гэта крык, што жыве Беларусь». Выгук быў папулярным сярод беларускай інтэлігенцыі яшчэ да Першай сусветнай вайны. У час Другой сусветнай вайны яго выкарыстоўвалі не толькі калабарацыяністы, але і савецкія партызаны і падполле. У савецкія часы выкарыстоўвалі версію «Няхай жыве Савецкая Беларусь».