Больш за 100 чалавек запісаліся ў ліст чакання на экскурсію ў Музей турэмнага побыту. Проста так гродзенцам і турыстам туды патрапіць немагчыма. Наведванне самай закрытай экспазіцыі ў Гродне ладзіць 21 верасня Музей гісторыі рэлігіі.
Наведаць турму хочуць больш за 100 чалавек
Арганізатары абяцаюць расказаць пра «ўсе тонкасці крымінальнага жыцця Гродна другой паловы XIX — пачатку ХХ стагоддзя», — паведамляе Grodno.in.
Падчас экскурсіі можна будзе даведацца, дзе ў Гродне знаходзіліся злачныя месцы, якія віды злачыннасці былі распаўсюджаныя ў горадзе і як з імі змагаліся.
Экскурсія ў турэмны музей адбудзецца 21 верасня, але вольных месцаў ужо не засталося. Можна запісацца ў ліст чакання, які зараз налічвае больш за 100 жадаючых. Калі пашчасціць і квіток усё ж такі атрымаецца набыць, экскурсія абыдзецца ў 42 руб.
Што вядома пра турэмны музей
Трапіць у музей турэмнага побыту асобнаму турысту — немагчыма. Ён знаходзіцца на вуліцы Кірава, насупраць гродзенскай турмы № 1 і падпадае пад катэгорыю ведамаснай установы. Каб трапіць на экскурсію, трэба дамаўляцца з дэпартаментам выканання пакаранняў.
Па тэме: 10 малавядомых музеяў Гродна, якія варта наведаць
Экспазіцыя музея ўключае рэканструкцыю камеры, асабістыя рэчы, дакументы і ўзнагароды былых супрацоўнікаў турмы. Таксама прадстаўлены ланцугі і кайданы пачатку XIX стагоддзі. Ёсць вялікі падрабязны макет гродзенскай турмы. Расказваюць і пра знакамітых постацей беларускай гісторыі, якія сядзелі ў гэтай вязніцы.
Унутры ёсць дзве адноўленыя камеры: адна ўзору царскай Расіі, іншая з перыяду савецкай улады.