Ініцыятыва па перадачы рэчаў дзецям з акупаванай Расіяй тэрыторыі сыходзіла ад Беларускага саюза жанчын (БСЖ). Адбылося гэта ў рамках акцыі «Збяром дзяцей у школу». Гэтая ж праўладная арганізацыя вырашыла дапамагчы жыхарам Курскай вобласці, дзе зараз праводзяць аперацыю ўкраінскія войскі. Засвяціўся і фонд Аляксея Талая, кіраўнік якога знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза за падтрымку расійскай агрэсіі.
Прадстаўніцы гродзенскага БСЖ на чале са старшынёй Ірынай Луканскай перадалі фонду Аляксея Талая заплечнікі і канцылярскія прылады — іх атрымаюць дзеці з Данбаса. Таксама БСЖ падрыхтаваў перавязачныя матэрыялы, якія адправяць жыхарам Курска.
Удзелам у акцыі БСЖ хацеў сказаць расіянам, што «мы разам, мы адзіны», паведаміла ў эфіры СТБ Луканская.
Які праект аб’ядноўвае Луканскую і Талая
У 2020 годзе падчас пратэстаў Ірына Луканская з’яўлялася дэпутатам парламента ад Гродна. Яна прымала ўдзел у сустрэчы пратэстоўцаў і прадстаўнікоў улады — тады дыялогу не атрымалася, а чыноўнікі фактычна адмовіліся абмяркоўваць патрабаванні актывістаў па сутнасці.
Сваю пасаду Луканская займала да 2024 года. Зараз чыноўніца ўзначальвае Гродзенскае аддзяленне БСЖ.
Летась Талай тры разы прыязджаў у Гродна. Тады прапагандыст аб’явіў «тэрміновы збор дапамогі дзецям Данбаса» і прасіў гродзенцаў прыносіць прысмакі і сродкі асабістай гігіены.
Разам з БСЖ Талай пачаў праект для інфармавання «аб сітуацыі ў пацярпелых ад ваенных дзеянняў рэгіёнах Данбаса».