Моцны лівень, які прайшоўся па Гродзенскай вобласці 20 жніўня, падмыў падмуркі двух мастоў праз раку Лашанка — у выніку тыя абрынуліся.
Адзін са знішчаных мастоў праз Лашанку знаходзіцца ля вёскі Кунцаўшчына. Іншы — ля Кавалічаў. Абедзве вёскі знаходзяцца ў Індурскім сельсавеце. Трапіць у іх можна іншымі дарогамі.
Мост ля Кунцаўшчыны пабудавалі яшчэ ў савецкія часы — старыя «тэхналогіі не дазволілі вытрымаць тую нагрузку, якая ўзнікла пры ўздыме ўзроўню вады ў рацэ», паведаміў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Жук.
Рамонтныя работы каля моста ўжо пачаліся. Участак дарогі агародзяць і пасыплюць жвірам. Мост плануюць дэмантаваць, а на яго месцы ўзвядуць новы.
Што яшчэ нарабіла непагадзь пад Гроднам
Узровень вады ў Лашанцы падняўся на чатыры метры. Рака выйшла з берагоў і падтапіла двары ў вёсцы Лаша. Але адпампаваць ваду адразу не атрымалася: трэба было дачакацца, пакуль вада вернецца ў свае межы. Мясцовыя жыхары ў выніку здарэння не пацярпелі, адсяляць людзей таксама не будуць.
Агулам у выніку залевы ў Гродзенскай вобласці падтапіла 33 тэрыторыі прыватных дамоў у Гродне, Гродзенскім і Бераставіцкім раёнах. На ўездзе ў вёску Баранава размыла ўзбочыну дарогі.
На 21 жніўня ў Гродзенскай вобласці таксама аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі. Магчымы моцныя ліўні, шквалісты вецер, ноччу — навальніцы.