Усутыч з будынкам па Урыцкага, 14 узвядуць двухпавярховы будынак. Там размесцяць гандлёвую залу для нехарчовых тавараў і адміністрацыйныя памяшканні.
Будынак плануюць падключаць да інжынерных сетак. Як альтэрнатыву разглядаюць уладкаванне ў ім міні-кацельні, піша Urban Hrodna. На прылеглай тэрыторыі зробяць сцежкі, азеляненне і паркоўку на чатыры машынамесцы. Асноўны пад’езд будзе ў боку Урыцкага, уваход для наведнікаў размесцяць з заходняга фасада будынка.
Архітэктурны выгляд новага збудавання звяжуць з прылеглай шараговай гістарычнай забудовай, да якой адносіцца і Урыцкага, 14. Участак уваходзіць у зону аховы гістарычнага цэнтра Гродна.
Зараз на месцы будучага будынка праход з Гараднічанcкай на Урыцкага. З іншага боку ад Урыцкага, 14 знаходзіцца невялічкая пабудова незвычайнай формы — былы бар «Бочка». У доме № 18 працуе дзіцячая крама «Шустры Вожык».
Грамадскія абмеркаванні справаздачы аб уплыве будоўлі на навакольнае асяроддзе (АУНА) і сход па ёй запланаваныя на перыяд з 16 жніўня па 11 кастрычніка 2024 года. Дзяржаўную экалагічную экспертызу праект мусіць прайсці з 16 верасня па 12 лістапада. Рашэнне па дзейнасці прымуць з 16 кастрычніка па 27 снежня.
Забудова Урыцкага
Пра планы прадаць пад забудову ўчастак каля дома на Урыцкага, 14 стала вядома ў лістападзе 2022 года. Аўкцыён адбыўся 14 сакавіка 2023 года, участак купіў гродзенскі мэблевы холдынг. Паводле ўмоў, там мусіў з’явіцца будынак грамадскага прызначэння.
Зараз замоўца будоўлі пры Урыцкага, 14 — ТАА «ЗКВ Флагман». Асноўны від дзейнасці фірмы пазначаны як бухгалтарскі ўлік і кансультаванне па падаткаабкладанні.
У тым жа двары каля Гараднічанскай, 23А плануюць пабудаваць яшчэ адзін будынак грамадскага прызначэння. Участак прадавалі з аўкцыёна вясной 2023 года больш чым за 20 тыс. рублёў (€ 6,3 тыс.).
Побач з участкам размяшчаецца будынак па адрасе Гараднічанская, 23. Дом 1890 года пабудовы адрэканструявалі і здалі ў эксплуатацыю ў 2020 годзе. Зараз памяшканні будынка здаюць у арэнду, таксама там адбываюцца выставы гродзенскіх мастакоў.
У пачатку вуліцы збудавалі амаль дакладную копію дома, які знеслі ў 2010 годзе. Там размясцілі гатэль.