Беларусы прапануюць назваць адну з вуліц Гродна ў гонар пісьменніцы і паэткі Лідзіі Ялоўчык, якая шмат пісала пра заходнебеларускую моладзь. Прапанова з’явілася на рэсурсе e-petitions.by.

Аўтары петыцыі лічаць, што Ялоўчык — «адна з выбітных жанчын», а яе імя «варта ўвекавечыць на мапе Гродна». Збіраць подпісы будуць да 27 жніўня, пасля петыцыю накіруюць у Гродзенскі райвыканкам.

Марыла стаць настаўніцай

Лідзія Ялоўчык нарадзілася ў 1911 годзе ў вёсцы Марцянаўцы Ваўкавыскага раёна. Пачатковую школу скончыла ў Оршы, дзе сям’я апынулася ў час Першай сусветнай, а ў 1934 годзе атрымала адукацыю ў прамыслова-гандлёвай школе ў Гродне.

Ужо ў той час Ялоўчык хацела стаць настаўніцай, таксама цікавілася сусветнай мастацкай літаратурай і філасофіяй. У 1937 годзе будучая пісьменніца здала іспыты экстэрнам і атрымала права выкладаць у сельскай пачатковай школе.

Праз сем гадоў яна завочна скончыла Гродзенскі педінстытут. Рускую мову і літаратуру ў розных школах Гродна Ялоўчык выкладала да 1967 года.

Чытайце таксама: Новыя вуліцы ў Гродне прапанавалі назваць у гонар гарадоў Расіі

Пра што пісала Лідзія Ялоўчык

Лідзія Ялоўчык. Фота: mostylib.by
Лідзія Ялоўчык. Фота: mostylib.by

Упершыню ў друку прозвішча 28-гадовай пісьменніцы з’явілася ў 1939 годзе. Тады ў газеце «Вольная Беларусь» апублікавалі яе верш «Кремлёвские звезды».

Першая яе кніга — «Карэнне жыцця» — пабачыла свет нашмат пазней, у 1973 годзе. У ёй аўтар распавядала аб вясковым жыцці заходнебеларускай моладзі.

Наступныя кнігі «Дзе яно, шчасце» і «Па хісткай лесвіцы» з’явіліся ў 1981 і 1983 гадах адпаведна. У гэтых творах апісваецца рэчаіснасць падлеткаў у ваенныя часы.

У 1993 годзе Ялоўчык уступіла ў Саюз пісьменнікаў Беларусі, але амаль перастала друкавацца — грошаў на выданне кніг не хапала. Апошні твор Ялоўчык — «Споведзь» — з’явіўся ў літаратурным альманаху «Свіцязь». Пісьменніца і паэтка памерла ў 1999 годзе.

Чытайце таксама: У сайта Гродзенскага шклозавода з’явілася беларускамоўная версія — спрацавалі звароты грамадзян