Суд Кастрычніцкага раёна Гродна ануляваў продаж кватэры беларускі, якая з’ехала з краіны. Супраць яе распачалі крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці», але кватэру яна паспела прадаць яшчэ раней.

Дагавор куплі-продажу кватэры і дзяржрэгістрацыю здзелкі прызналі несапраўднымі. Рашэнне суда ўжо ўступіла ў сілу. На жыллё накладзены арышт, паведамілі ў пракуратуры Гродзенскай вобласці.

Супраць уласніцы кватэры ў снежні 2023 года Гродзенскі міжраённы аддзел Следчага камітэту распачаў крымінальную справу за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (па ч. 1 арт. 361−4). Жанчына быццам бы садзейнічала экстрэмізму ў 2021−2023 гадах.

Да таго як пакінуць Беларусь, жанчына ў 2021 годзе паспела аформіць даверанасць на продаж сваёй нерухомасці на брата. У сакавіку 2023 мужчына заключыў дагавор куплі-продажу кватэры са сваім бацькам — памяшканне прадалі за 3 тыс. рублёў.

У пракуратуры палічылі, што здзелка фіктыўная і была здзейснена, каб кватэру не канфіскавалі. Цяпер кватэра арыштаваная і яе па выніках суда змогуць прадаць — грошы пойдуць на карысць дзяржавы.

Чытайце таксама: Палітэмігранты прадалі кватэру ў Беларусі, а суд у Гродне хоча адмяніць здзелку