Праз чэргі на мяжы пляцоўку чакання пры беларускім пагранпераходзе ў Брэсце «Варшаўскі мост» пашыраць. Працы хочуць пачаць ужо ў верасні.

Праектная магутнасць пункта пропуску для легкавых машын і аўтобусаў «Варшаўскі мост» прадугледжвае, што за суткі ў абодвух напрамках яго могуць перасячы некалькі тысяч чалавек. Цяпер у сярэднім за гадзіну польскі бок прапускае да сябе 23−25 ​​транспартных сродкаў, адзначыў памочнік Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык. У чарзе збіраецца шмат транспарту, таму тэрыторыю вырашылі перапланаваць, піша БелТА.

Цяпер на пляцоўцы чакання можна запаркаваць 100 аўтамабіляў. Пасля яе пашырэння іх будзе змяшчацца ў чатыры разы больш. Работы збіраюцца выканаць за год.

Максімальная колькасць аўтобусаў у чарзе ў Польшчу па выхадных днях— 72, падзяліўся начальнік Брэсцкай пагранічнай групы Максім Бутранец. У кожным з іх у сярэднім па 40 пасажыраў.
Два фуд-корты не могуць забяспечыць столькі людзей гарачай ежай.

Каб палепшыць умовы чакання ўжо зараз, каля пункта пропуску вырашылі паставіць лаўкі, арганізаваць фуд-корты і медыцынскі пункт, уладкаваць дзіцячую пляцоўку.

Што адбываецца на мяжы

Чаканне на мяжы ўсё больш ускладнялася з 2021 года, калі па чарзе закрываліся пункты пропуску з польскага боку пасажырскія «Кузніца» («Брузгі»), «Баброўнікі» («Бераставіца»), «Славатыча» («Дамачава») і «Полаўцы» («Пясчатка») закрылі яшчэ ў 2020 годзе з-за пандэміі Covid-19, з літоўскай — «Шумскас» («Лоша»), «Тверачус» («Відзы»), «Райгардас» («Прывалка») і «Лаварышкес» («Катлоўка»), з латышскай — «Сілене» («Урбаны»).

Мяркуючы па чатах, прысвечаных перасячэнню мяжы, у будны дзень у чарзе з 30 аўтобусаў час чакання займае «ўсяго» 18,5 гадзін, 48 аўтобусаў могуць заняць да 26 гадзін. З пункта адпраўлення самі аўтобусы таксама выязджаюць са спазненнем у некалькі гадзін. Пры перасадцы на аўтобус, які стаіць бліжэй да шлагбаума, пасажырам удаецца зменшыць час на мяжы да 6−9 гадзін. Праўда, яшчэ з пачатку лета беларуская транспартная інспекцыя намагаецца змагацца з падсадкамі і дадатковымі білетамі на аўтобусы «міма касы».

Сітуацыя з чэргамі ў адзіным адкрытым у Польшчу пункце пропуску можа яшчэ больш пагоршыцца пасля таго, як з 16 жніўня забароняць уезд ў Літву для ўсіх легкавых аўто, зарэгістраваных у Беларусі. 15 жніўня чарга ў 2,2 км для легкавой машыны заняла 28 гадзін.

Абноўлена. Пасля публікацыі гэтага тэксту стала вядома, што Літва пайшла на саступкі і скарэктавала правілы ўезду легкавых аўто з беларускімі рэгістрацыйнымі знакамі ў краіну. З 17 жніўня ў Літву можна будзе ўехаць на легкавым аўтамабілі, не прызначаным для продажу, і які належыць грамадзяніну Беларусі, у якога ёсць дзейная віза, выдадзеная Літоўскай Рэспублікай, або дзейны часовы ці сталы від на жыхарства ў Літве. За рулём павінен быць уладальнік машыны. На аўто, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах, гэтае рашэнне не распаўсюджваецца. Пасля 18 студзеня 2025 года зарэгістраваныя ў Беларусі аўтамабілі не змогуць знаходзіцца на тэрыторыі Літвы.

Чытайце таксама: На мяжы пабудуюць яшчэ адзін Duty Free. Даведаліся, дзе менавіта