У Гродне судзілі Анатоля Барысавіча Кавалёва — былога дырэктара СШ № 31 імя Кляцкова. Іск да яго заявіла сама школа і пракуратура Гродна. З яго вынікае, што былы дырэктар нанёс школе некаторую шкоду. Рэдакцыя Hrodna.life пры дапамозе «Кіберпартызан» разбіралася, што вядома пра справу і асобу мужчыны.

Іск разгледзеў 6 жніўня суддзя Вадзім Дзмітрыеў у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна. Прадмет разбору — пакрыццё маёмаснай шкоды, нанесенай работнікамі пры выкананні службовых (працоўных) абавязкаў. Вынік суда пакуль невядомы.

Дырэктар школы цяпер, мяркуючы па сайце — Радзевіч Вольга Аляксандраўна.

Хто такі Анатоль Кавалёў?

Анатолю 66 гадоў, ён родам з Карэліч. Мае жонку.

Мужчына быў старшынёй камісіі для галасавання на выбарах 2020 года на ўчастку для галасавання № 106 у сваёй школе. І ў 2019 годзе — на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу VII склікання. Сайт luka.zone называе яго «саўдзельнікам фальсіфікацыі вынікаў галасавання на выбарах Прэзідэнта РБ у 2020 годзе».

«У Гродне адзначана неверагодна падвышаная актыўнасць грамадзян падчас датэрміновага галасавання. На ўчастках, дзе няма незалежных назіральнікаў, лічбы прагаласаваўшых наогул «зашкалілі». Так, на ўчастку № 22 Гродзенскай — Занёманскай выбарчай акругі паводле афіцыйных звестак камісіі 18 верасня прагаласавала 86 выбарцаў, а 19-га верасня яшчэ больш — аж 113 (!).

Участак гэты размешчаны ў сярэдняй школе № 31, а старшынёй камісіі з’яўляецца дырэктар школы Анатоль Кавалёў, які на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года адзначыўся тым, што на вачах міжнародных і нацыянальных назіральнікаў у асноўны дзень галасавання мяняў пратакол з лічбай датэрміновага галасавання", — напісала пра яго ў 2012 годзе «Вясна».

Што яшчэ вядома пра дырэктара?

З дакументаў, якімі падзяліліся «Кіберпартызаны», вядома, што ў 2020 годзе мужчына не ліквідаваў парушэнні, якія заўважыў галоўны санітарны ўрач Гродна — у школе знайшлі прусакоў. На дырэктара склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні.

У 2012 годзе пры ім гаручымі фарбамі былі афарбаваныя шляхі эвакуацыі, а ў супрацоўнікаў-«эвакуатараў» не было самоспасателей. Частку калідора незаконна адвялі пад кабінет.

Дырэктар — яго апошняя вядомая праца. У «Кіберпартызан» ёсць звесткі да сярэдзіны 2021 года. Паводле інфармацыі The Wayback Machine, у верасні 2022 ён усё яшчэ быў дырэктарам, а ў кастрычніку 2023 дырэктара ў СШ № 31 ужо часова не было.

Чытайце таксама: «Лічбы на матэматыцы трэба звесці да памятных дат». Маналог настаўніцы з Гродна