Журы прэміі імя Ежы Гедройця зацвердзіла спіс намінантаў на 2024 год — агулам у яго ўвайшлі 14 аўтараў. Сярод іх ёсць два пісьменнікі з Гродна: Ганна Янкута і Яўген Аснарэўскі.
Гродзенскі блогер-гісторык Яўген Аснарэўскі намінаваны за кнігу «Пастэга». Гэта постмадэрнісцкі твор, у якім аўтар дэканструюе стэрэатыпнае фэнтазі і «ламае» чацвёртую сцяну. Гісторыя закручваецца вакол пісьменніка Тэта і яго вучаніцы Алі.
Ганна Янкута патрапіла ў спіс намінантаў з кнігай «Час пустазелля». Гэта збор апавяданняў, у якіх пісьменніца спрабуе асэнсаваць «бясчассе, у якім аказаліся беларусы пасля 2020 года». У час падарожжаў па розных гарадах — Варшаве, Мінску, Гродне і Кракаве — лірычныя героі спрабуюць зразумець працэсы, якія адбываюцца ў свеце.
Слухайце і чытайце: «Час пустазелля» Ганны Янкуты — у заключным эпізодзе падкаста «Гаворыць Гродна«
Найбольшую колькасць кніг — чатыры — у сёлетнім спісе мае выдавецтва «Янушкевіч». На другім месцы — выдавецтва Gutenberg Publisher з трыма кнігамі.
Прэмія Гедройця — што гэта такое?
Прэмія Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 года — гэта галоўная незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі. Заснавальнікамі прэміі выступілі Амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
У апошніх трох гадах пераможцамі станавіліся Ева Вежнавец з кнігай «Па што ідзеш, воўча?», Сяргей Абламейка з кнігай «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая», а таксама Ганна Кандрацюк з кнігай «У прысценках старога лесу. Гісторыі людзей з Белавежскай пушчы».