Еўрасаюз увёў санкцыі супраць 28 грамадзян Беларусі: начальнікаў у сістэме МУС, пракурораў, суддзяў, супрацоўнікаў дзяржаўных медыя і аднаго бізнесмена. Hrodna.life знайшоў у спісе людзей, звязаных з Гродна і Гродзенскай вобласцю.
Пад санкцыі Еўрасаюза патрапілі:
- Віктар Дуброўка — начальнік папраўчай калоніі № 11 у Ваўкавыску
- Павел Казакоў — начальнік турмы № 1 г. Гродна
- Васіль Коледа — намеснік начальніка турмы № 1 г. Гродна
- Васіль Скок — суддзя Гродзенскага абласнога суда
Прычыны санкцый: палітычныя прысуды, змяшчэнне ў ШЫЗА і смерць зняволеных
Усіх іх Еўрасаюз лічыць вінаватымі ў сур’ёзных парушэннях правоў чалавека ў Беларусі. Пры гэтым каля кожнага прозвішча ў санкцыйным спісе пазначаецца больш падрабязная матывацыя ўнясення.
Пра Віктара Дуброўку пішуць, што ў калоніі, якой ён кіруе, адбываюць пакаранне Сяргей Раманаў (20 гадоў і 11 месяцаў зняволення па справе анархістаў). Яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар. Таксама каля прозвішча Дуброўкі пазначаны зняволены Вадзім Бобыраў (11 гадоў), аднак мы не знайшлі такога чалавека ў спісе палітвязняў. Затое, ёсць такі суддзя ў Гомельскім абласным судзе — і ён судзіў у тым ліку па палітычных артыкулах. Магчыма, у дакуменце ЕС памылка.
Каля прозвішча Паўла Казакова пазначана, што ў гродзенскай турме, якой ён кіруе, з-за неаказання належнай медыцынскай дапамогі загінулі палітвязень Алесь Пушкін і мастак Руслан Карчаўлі. Іншыя вязні ў гэтай установе ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах. Такая ж матывацыя і каля прозвішча Коледы.
Суддзя Васіль Скок таксама не раз выносіў прысуды па палітычных справах.
Санкцыі ЕС агулам цяпер прымяняюцца да 261 асобы і 37 юрыдычных асоб з Беларусі. Ёсць таксама санкцыі асобных краін. Напрыклад, Польшча ўвяла санкцыі супраць 365 чалавек з Беларусі.